Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

пяціты́сячны, ‑ая, ‑ае.

1. Ліч. парадк. да пяць тысяч.

2. Які складаецца з пяці тысяч. Пяцітысячны атрад.

3. Разм. Коштам у пяць тысяч рублёў.

пя́цца, пнуся, пнешся, пнецца; пнёмся, пняцеся; незак.

1. Напружваць усе сілы; напружвацца. Схудзелы за лета конь пяўся, цягнучы воз бульбы па пескавых каляінах. Крапіва.

2. перан. Намагацца зрабіць што‑н. Лез, пяўся [Васіль], колькі змогі, зладжваў будыніну свайго шчасця, бервяно за бервяном, плашку за плашкай, паплецінку за паплецінкай. Мележ. Каб схаваць ад Галілея сваё пачуццё, .. [Гвардыян] пяўся зрабіць на сваім твары безуважна-іранічную ўсмешку. Зарэцкі.

пяць 1, ‑і, Т пяццю, ліч. кольк.

1. Лік і лічба «5». Пяць памножыць на два. // Колькасць, якая абазначаецца лічбай «5». Пяць чалавек.

2. Тое, што і пяцёрка (у 2 знач.). Атрымаў пяць па матэматыцы.

•••

Ведаць як свае пяць пальцаў гл. ведаць.

Ні ў пяць ні ў дзесяць — не да месца; не так, як трэба, як хацелася.

пяць 2, пну, пнеш, пне; пнём, пняце; незак.

Разм. Напружваць, напінаць.

пяцьдзеся́т, пяцідзесяці, Т пяццюдзесяццю, ліч. кольк.

Лік і лічба 50. // Колькасць, якая абазначаецца лічбай 50. Пяцьдзесят метраў.

пяцьсо́т, пяцісот, Д пяцістам, Т пяццюстамі, ліч. кольк.

Лік і лічба 500. Пяцьсот падзяліць на два. // Колькасць, якая абазначаецца лічбай 500. Пяцьсот студэнтаў.

пяцярны́, ‑ая, ‑ое.

Разм.

1. Які складаецца з пяці аднародных ці падобных частак, прадметаў.

2. Павялічаны ў пяць разоў, большы ў пяць разоў.

пяцярня́, ‑і, ж.

Разм. Далонь з пальцамі; кісць. Вышэй ад Галадая ўзяўся рукою Жук, над ёю сашчапіліся вузлаватыя Янушкавы пальцы, потым — далонь Срэбнікава, за ёй шырокая Цярэшкава пяцярня. Быкаў. Бацька нязграбна, неяк усёй пяцярнёй, браў ручку і выводзіў: «Михаилъ Мыцкевичъ». С. Александровіч.

пяча́йка, ‑і, ДМ ‑чайцы, ж.

Абл. Пякотка. Ганька ведае: значыць, маме зноў было нядобра, зноў балеў жывот і пякла пячайка... Васілевіч.

пяча́танне, ‑я, н.

Дзеянне паводле знач. дзеясл. пячатаць.

пяча́тацца, ‑аецца; незак.

Зал. да пячатаць.