пярэ́сты, ‑ая, ‑ае.
1. Такі, паверхня якога пакрыта плямамі, палосамі рознага колеру, які складаецца з чаго‑н. пафарбаванага ў розныя колеры; стракаты, рознакаляровы. Пярэсты дыван. Пярэстая тканіна. □ Марынка была ў шэрай вязанай кофтачцы, надзетай паверх сіняй, паношанай ужо сукенкі, на галаве — пярэстая хустачка, ражкі якой былі завязаны пад падбародкам. Хадкевіч. Вясною захапляюся ўсім: Зялёны бор шуміць над галавой, У новым гомане пярэстыя палі. Броўка.
2. перан. Неаднолькавы па свайму складу; мяшаны, неаднародны. У асноўным жа часопіс [«Трыбуна мастацтва»] налягаў на рэкламу пярэстага рэпертуару тых часоў, даваў разнастайную інфармацыю. Ліс.
3. З вялікімі плямамі, крапінамі; плямісты (пра масць жывёл). [Вінцук] адчыніў хлеў. Адтуль паважна выйшла пярэстая Рагуля, за ёй малодшая чорная Ліпка, а потым выскачыла сёлетняя цялушачка Зорка. Чарнышэвіч. У Хведаравых быў пярэсты — чорны з белым конь: ён кульгаў на адну нагу і кусаўся. Адамчык.
пярэ́сціна, ‑ы, ж.
Разм. Вялікая пляма другога колеру на шэрсці жывёлы, пер’і птушак. На плоце, што адгароджваў гэты двор ад вуліцы, стаяў на моцных шышкаватых нагах прыгожы і магутны певень — шыза-чырвоны, з доўгімі залацістымі пярэсцінамі на шыі. Чыгрынаў.
пярэ́сціцца, ‑ціцца; незак.
Тое, што і пярэсціць 1 (у 3 знач.). Рознакаляровыя хусткі і шапкі блішчаць на сонцы, пярэсцяцца, нібы невядомыя расліны на дзівосным полі. Бядуля.
пярэ́сціць 1, ‑рэшчу, ‑рэсціш, ‑рэсціць; незак.
1. што. Рабіць пярэстым, надаваць чаму‑н. пярэсты выгляд. Светлыя пасмы, як шоўкавыя істужкі, усюды весела пярэсцілі цяністы прыцемак лесу. Мележ. Цені выцягваліся, раслі, пярэсцілі і ўкрывалі сабою невялікія круглыя лужкі. Сачанка.
2. звычайна безас. Пра адчуванне пярэстасці, мітусні (у вачах). Нарэшце балота кончылася. Густы бярэзнік падымаўся некуды ўгару. Ад белых ствалоў пярэсціла ўваччу. Асіпенка. За вокнамі вагона мільгалі — аж пярэсціла ў вачах — тэлеграфныя слупы, чыгуначныя будкі. Сабаленка. Збажына калыхалася ад лёгкага подыху ветру і пярэсціла ў вачах. Сіўцоў.
3. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Вылучацца сваёй пярэстасцю сярод чаго‑н. Дзе-нідзе на выгане пярэсцяць рознай велічыні лужыны. Бядуля. // чым або ад чаго. Быць пярэстым ад чаго‑н. Уся сцяна, у даўжыню, пярэсціла дзявочымі фотакарткамі. Ракітны.
пярэ́сціць 2, ‑рэшчу, ‑рэсціш, ‑рэсціць; незак.
Разм. Моцна біць. Купец выхапіў з кішэні пасак ды прывязаў пана да хвоі. Потым выняў з-пад крыса п[о]пліску, паказаў пану і пытаецца: — Што гэта, пане: бяроза ці лаза? Я ж прадаў табе вала, а не казла! І пачаў пярэсціць пана... Якімовіч.
пярэ́хрыст, ‑а, М ‑сце, м.
Уст. Пра таго, хто перайшоў у хрысціянства з другой рэлігіі.
пярэ́ціск, ‑у, м.
Спец. Значнае звужэнне руданоснай жылы.
пярэ́чанне, ‑я, н.
1. Дзеянне паводле знач. дзеясл. пярэчыць; заява аб нязгодзе з чым‑н. Ідэя стварэння адзінага аператыўнага кіраўніцтва атрадамі таксама не сустрэла пярэчанняў. Казлоў. [Варончык] першым выйшаў, падкрэсліўшы гэтым, што размова закончана і пярэчанняў быць не можа. Кавалёў.
2. Доказ таго, хто пярэчыць. Ён хоць і заходзіў сюды разам з Гаем, але не вельмі соваўся са сваімі пярэчаннямі і ініцыятывай. Машара.
пярэ́чка, ‑і, ДМ ‑чцы; Р мн. ‑чак; ж.
Разм. Тое, што і папярочка. Уверсе над трубой на страсе цямнеў кавалак абгародкі — у дзве пярэчкі. Пташнікаў. [Чапялевіч] палез па дубовых пярэчках драбін на столь хаты. Ермаловіч.
пярэ́чыць, ‑чу, ‑чыш, ‑чыць; незак.
1. Выказваць нязгоду з кім‑, чым‑н., прыводзіць доказ супраць чаго‑н. Калі Вера спрачалася з Кузьмой адна, тады ў яе хапала і смеласці пярэчыць, і упэўненасці ў сваёй праваце, і важкімі здаваліся аргументы. Дуброўскі. Іван Барай чакаў, што калі той [Кавалёў] пачне пярэчыць, то ў яго запасе ёсць яшчэ аргументы. Чарнышэвіч. Бацька і маці.. не пярэчылі сыну, калі той восенню зноў пачаў збірацца ў дарогу. С. Александровіч.
2. Не адпавядаць чаму‑н., мець у сабе супярэчнасць. Калі Сяргей пачуў ад бацькі, што яго збіраюцца ўзяць на работу ў райком, ён спачатку разгубіўся. Гэта пярэчыла яго планам. Сіўцоў.
пясе́ц, пясца, м.
Драпежная млекакормячая жывёліна сямейства сабачых, якая мае каштоўнае футра. Блакітны пясец. // Футра гэтай жывёлы. Каўнер з пясца.