Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

пярэ́зімак, ‑мка, м.

Разм. Свойская жывёліна мінулагодняга прыплоду (звычайна пра цялят, жарабят). Надвячоркам прызнаў з поля цялят-пярэзімкаў Віця. Пальчэўскі.

пярэ́куп, ‑у, м.

Разм. Перакупліванне.

пярэ́палах, ‑у, м.

1. Тое, што і перапалох. Рабцэвічу зрабілася няёмка за пярэпалах, што нарабіў ён сваім прыходам. Мехаў.

2. звычайна мн. (пярэ́палахі, ‑аў). Хвароба, якая, згодна з забабоннымі ўяўленнямі, узнікае ад спалоху. — Ды ўжо ж, прыйдзецца да бабкі ісці, пярэпалах выганяць, — жартам адказала Алаіза. Арабей.

пярэ́рва, ‑ы, ж.

Разм.

1. Прастора, якая раздзяляе якія‑н. масівы; прамежак. Кузня засталася ў пярэрве паміж старымі і новымі Ясенямі. Арочка.

2. Часовы перапынак. З-за гэтых садоў была ў .. [салдата] пярэрва ў карчаванні зямлі. Чорны.

пярэ́смык, ‑а, м.

Абл. Вузкая паласа чаго‑н. або праход паміж двума масівамі лесу, балота. А тут, як дзе на воўчай гаці, Як на пярэсмыках якіх, Цябе трывожыць кожны міг. Колас.

пярэ́сна, ‑ы, ж.

Лугавая расліна сямейства казяльцовых з яркімі, буйнымі кветкамі. Дзе-нідзе рассыпана пярэсна з чырванаватааранжавымі кветкамі, якія нагадваюць сваёй формай садовую ружу. Гавеман.

пярэ́старак, ‑рка, м.

Тое, што і перастарак. Вось ідзе Навамодны.., які да гэтай зімы жыў у Пасынках «прымаком», на вялікую, нечаканую радасць пярэстарку Акуліне. Брыль.

пярэ́стасць, ‑і, ж.

Уласцівасць пярэстага (у 1, 2 знач.). На нагах такая пярэстасць, быццам тут сабралі выстаўку стаптанага абутку. Новікаў.

пярэстатка́ны, ‑ая, ‑ае.

Сатканы, вытканы з пражы рознага колеру для асновы і ўтку. Пярэстатканы дыван.

пярэ́ступ, ‑у, м.

Спец. Шматгадовая павойная ядавітая расліна сямейства гарбузовых.