Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

пы́льна,

1. Прысл. да пыльны.

2. безас. у знач. вык. Пра вялікую колькасць пылу дзе‑н. У хаце пыльна. □ Пыльна. Дзесьці за комінам зумкае, трапіўшы ў павуціну, муха. Місько.

пы́льнік 1, ‑а, м.

Верхняя частка тычынкі кветкі, у якой утвараецца пылок.

пы́льнік 2, ‑а, м.

Разм. Плашч, які засцерагае ад пылу. Стары Ётка абмахваецца ад гарачыні хустачкай, расшпільвае пыльнік. Чорны. Неўзабаве ля машыны паявілася Ліля ў дарожным пыльніку. Асіпенка.

пы́льны, ‑ая, ‑ае.

Які пакрыўся пылам, увабраў у сябе пыл. Пыльны дыван. □ Гендарсан зірнуў на пыльныя лаўкі і не захацеў садзіцца. Чарнышэвіч. Пыльная вуліца бегла між прысад. Асіпенка. // Які адрозніваецца вялікай колькасцю пылу. Паветра рабілася гарачае і пыльнае. Гроднеў. Дзень быў сонечны, але халодны, пыльны. Навуменка.

пылю́шнік, ‑у, м.

Шматгадовая травяністая расліна сямейства казяльцовых з перыстарассечаным лісцем, дробнымі жаўтаватымі ці ружова-бэзавымі кветкамі са шматлікімі тычынкамі.

пыні́цца, пынюся, пынішся, пыніцца; незак.

Абл. Займацца гаспадарчымі справамі; упраўляцца. Маці Адама.. ужо з гадзіну таму назад управілася са сваімі справамі на ферме і цяпер пынілася каля хаты. Кулакоўскі.

пыні́ць, пыню, пыніш, пыніць; незак., што.

Абл. Рабіць усё неабходнае па гаспадарцы; даглядаць. У сялянскіх дварах снуюць людзі, пыняць свае гаспадарскія справы, канчаючы клопат кароткага дня. Колас. Маці паліла ў печы, пыніла гаспадарку. Васілевіч.

пы́рнік, ‑у, м.

Род шматгадовых травяністых раслін сямейства злакавых, некаторыя віды якіх з’яўляюцца вельмі шкодным пустазеллем, а іншыя вырошчваюцца на корм жывёле. [Маша], як і ўсе, палола лён, які зарастаў свірэпкай і пырнікам. Гроднеў.

пы́рнікавы, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да пырніку. Пырнікавы корань.

пырну́ць, ‑ну, ‑неш, ‑не; ‑нём, ‑няце; зак., каго-што, чым.

Разм. Ударыць чым‑н. вострым. Саўка схапіў са стала нож з вострым канцом і пырнуў войта пад бок. Колас. Дзям’ян яшчэ раз пырнуў штыком.. [фашыста] ў грудзі і, забраўшы ўсю зброю, выйшаў на ганак. Кавалёў. — Бачыш, якая ў яго адмысловая рагаціна. Як пырне зверу ў жывот, дык той і асунецца. Пальчэўскі.

пы́рсканне, ‑я, н.

Дзеянне паводле дзеясл. пырскаць (у 1–3 знач.).