пушы́цца, ‑шыцца; незак.
Быць, здавацца пушыстым. Раніцы ўставалі ружавыя, з ружовым снегам і ружовым інеем, якога багата пушылася на сценах, у падстрэшшах. Мележ. Пахне цёртым лёнам: на скрыні расчасаная на жалезным грабянцы з вялізнымі зубамі пушыцца кудзеля. Васілевіч.
пу́шыць, ‑шыць; безас., незак., каго-што.
Разм. Распіраць. Жывот пушыць.
пушы́ць, ‑шу́, ‑шы́ш, ‑шы́ць; незак.
1. што. Рабіць пушыстым. Пушыць валасы.
2. Разм. Моцна лаяць каго‑н., распякаць. Распушыў усіх брыгадны. Будзь ён тры разы няладны! І пушыў усіх наўмысля. Колас.
пушэ́нне, ‑я, н.
Дзеянне паводле знач. дзеясл. пушыць.
пфе́ніг, ‑а, м.
Германская дробная манета, адна сотая частка маркі.
[Ням. Pfennig.]
пха́цца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; незак.
Разм.
1. Штурхаць адзін аднаго. Людзі.. кудысьці спяшаліся, пхаліся, таўкліся. Колас.
2. Адштурхвацца, упіраючыся ў што‑н. [Кандрат:] — Я з ворыва каня павёў паіць. Аж гляджу, Звончыкава старая выходзіць з хаты проста ў човен і пачынае пхацца да хмызоў. Караткевіч.
3. Зал. да пхаць.
пхаць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак., каго-што.
Разм.
1. Дакранацца кароткім рэзкім рухам да каго‑, чаго‑н.; штурхаць. Пхаць у грудзі. Пхаць суседа локцем.
2. Штуршкамі прымушаць рухацца куды‑н., у якім‑н. напрамку. Пхаць тачку. □ — Пхайце ззаду! — крыкнуў фурман ва ўсё горла. Колас. Лёдзя ўпарта пхала і пхала ложак, пакуль хворыя жанчыны не ўзнялі гвалту. Карпаў.
3. Паспешліва засоўваць, запіхваць што‑н. куды‑н. Таццяна.. паспешліва пачала пхаць у чамадан бялізну, гальштукі, шкарпэткі, пакуначкі з дамашняй ежай. Карпаў. Старая выняла з кошыка хлеб, каб паказаць, як яго мала, а потым, пазіраючы ў твар суседцы, пхала адной рукой хлеб у кошык. Галавач.
4. Даваць што‑н. у вялікай колькасці, звыш меры. [Павал:] — Мацвей і вясною з камітэцкага аўса карысць меў і цяпер яму падсунулі два пуды грэчкі. Гультай, не хоча рабіць, а яму ўсё пхаюць. Чорны. // Прымушаць каго‑н. есці, піць вельмі многа або супраць жадання. Пхаць ежу дзіцяці.
пхну́цца, пхнуся, пхнешся, пхнецца; незак.
Разм. Ісці паволі, ледзь перастаўляючы ногі. Пхнецца сцежкай падарожны, — Няма хлеба ўжо ў катомцы. Купала.
пхнуць, ‑ну, ‑неш, ‑не; ‑нём, ‑няце; зак., каго-што.
Аднакр. да пхаць (у 1–3 знач.).
пчала́, ‑ы, ж.
Насякомае, якое перапрацоўвае кветкавы нектар на мёд. А сады гэтаю вясною стаялі, нібы замеценыя завірухай, белыя-белыя. Над імі гулі раі пчол, выгінаючы аксамітныя спінкі ў венчыках, і неслі ўзятак на новыя пасекі ў свае даўно абжытыя вуллі. Грахоўскі.
пчалаво́д, ‑а, М ‑дзе, м.
Тое, што і пчаляр. [Карн Маеўскі] быў усімі паважаны калгасны пчалавод і сталяр. Шамякін.