Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

це́мра, ‑ы, ж.

1. Адсутнасць святла, густы змрок; цемната. Вечар поле цемраю ахутае, Цьмяны месяц прыплыве здалёк. Загарыцца на маўклівым хутары Ледзь прыкметнай зоркай аганёк. Панчанка. Людзей ужо не было відаць у начной цемры. Паслядовіч.

2. перан. Культурная адсталасць; невуцтва. Царызм, баючыся ўздыму нацыянальнай самасвядомасці народаў, пазбаўленых дзяржаўнасці і палітычнай самастойнасць, бачыў сваю задачу не ў развіцці навукі і культуры на ўскраінах імперыі, а ў насаджэнні адсталасці і цемры сярод нацыянальных меншасцей. Суднік. Вы [камуністы] развеялі ўсю цемру, Што сляпіла вочы нам. Журба.

3. перан. Увасабленне зла, пакут, цемрашальства. Над логавам нямецкага фашызму быў узняты чырвоны сцяг перамогі святла над цемрай. Брыль. Чаму заўсёды ходзяць разам, Заўсёды разам — боль і радасць? Таму, што ёсць святло і цемра, Таму, што ёсць жыццё і смерць? Мацяш.

це́мрадзь, ‑і, ж.

Разм. Тое, што і цемра. Па дварэ была такая цемрадзь, хоць вока выкалі. Сабаленка.

це́мраны, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да цемры. На Палессе хутка пасоўваўся зацяты ў сваёй маўклівасці вечар, прыводзячы безліч сваіх непадкупных вартавых і засцілаючы цемранаю пасцілкаю лес. Колас.

це́мрань, ‑і, ж.

Разм. Тое, што і цемра (у 1 знач.). Бразнула пад Астапавай рукой клямка каліткі, спрытна намацаная ім у цемрані ночы. Лынькоў.

цемраша́л, ‑а, м.

Носьбіт рэакцыйнай, варожай прагрэсу і культуры ідэалогіі; рэакцыянер. Сярэдневяковыя цемрашалы. □ Гітлераўскія цемрашалы смерцю пакаралі дзяцей мужнага чалавека, камбрыга партызанскага злучэння на Віцебшчыне Міная Піліпавіча Шмырова. Бялевіч. Цемрашалы настойліва ўбівалі ў галовы сваіх ахвяр: несупраціўленне злу, нянавісць да зброі, свяшчэннасць і непарушнасць законаў секты. «Маладосць».

цемраша́льскі, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да цемрашала, цемрашальства. Цемрашальскія ідэі.

цемраша́льства, ‑а, н.

Погляды і паводзіны цемрашалаў; варожасць да прагрэсу, адукацыі; абскурантызм. [Скарына] паклаў пачатак беларускаму кнігадрукаванню, якое з цягам часу ператварылася ў магутны фактар пашырэння пісьменнасці і барацьбы супраць царкоўнага цемрашальства. Алексютовіч. Перамога савецкага народа над фашызмам з’яўлялася перамогай вялікіх прынцыпаў гуманізму над сіламі зла і сярэдневяковага цемрашальства. Бярозкін.

це́мя, цемя і цемені, Д цемю і цемені, В цемя, Т цемем і цеменем, М (аб) цемі і (аб) цемені, н.

Верхняя частка галавы, а таксама верх чэрапа паміж лобнымі, патылічнымі і скроневымі касцямі. [Хлопец] падстрыжаны пад бокс так, што толькі на самым цемі тырчаў касмыль русых валасоў. Дуброўскі. Ссунуўшы казырок на цемя, хлопец уважліва разглядаў чарцёж і ледзь прыкметна шавяліў вуснамі. Кулакоўскі.

цемянны́, ‑ая, ‑ое.

Які мае адносіны да цемя. Цемянная косць.

ценелюбі́вы, ‑ая, ‑ае.

Які добра расце ў зацененых месцах; які не любіць сонца. Ценелюбівыя травы.