Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

дзіво́та, ‑ы, ДМ ‑воце, ж.

Разм.

1. Тое, што і дзіва (у 1 знач.).

2. толькі мн. (дзіво́ты, ‑аў). Дзівацтва. [Падначаленыя] зразумелі дзівоты свайго камандзіра і пачалі глядзець на мяне іншымі вачамі. Шамякін.

дзі́да, ‑ы, ДМ ‑дзе, ж.

Старадаўняй колючая зброя ў выглядзе доўгага дрэўка з вострым металічным наканечнікам; піка. А вораг тут, ля гарадской сцяны, І чуцен звон ягоны: звіняць страмёны, Мячы і дзіды звоняць. Сіпакоў. Варта, разумеючы, што справы дрэнь, ашчацінілася дзідамі. Караткевіч. // перан. Пра што‑н. вострае і доўгае. Там, дзе зайшло сонца, далёка за полем у небе тырчала вострая і доўгая чорная дзіда ад касцёла. Пташнікаў.

дзік, ‑а, м.

Дзікі кабан; вепр. Дзік ходзіць з дзічыхай, За ім — табун воўчы. Купала. Стары чорны дзік-сякач ідзе звычайна наперадзе. «Маладосць».

дзі́ка, прысл.

1. Прысл. да дзікі.

2. Са страхам, спужана. — Зараз загарыцца наш дом, — сказала Марына, дзіка азіраючыся. Чорны.

3. у знач. вык. Дзіўна, незвычайна. [Валя:] Людзі мастацтва і раптам здраднікі. Як гэта агідна, дзіка і незразумела. Карпаў.

4. у знач. вык. Глуха, запушчана. Я ў сад пайшоў. Усё глуха, дзіка. Усё травою зарасло. Багдановіч.

дзікабра́з, ‑а, м.

Жывёліна атрада грызуноў, спіна і бакі ў якой пакрыты моцнымі іголкамі.

дзікава́та, прысл.

1. Прысл. да дзікаваты.

2. Трохі са страхам, трохі спужана. Малы адразу, як звярок, што пачуў волю, шыбануў у куток,.. прыціснуўся, дзікавата азірнуўся. Мележ.

3. безас. у знач. вык. Нязвыкла, няўтульна. Спачатку ў мужчынскай зямлянцы было дзікавата. Брыль.

4. безас. у знач. вык. Страшнавата, трохі жудасна. Хаты з глухімі, чорнымі вокнамі стаялі па абодва бакі вуліцы, І Дзімку, калі паглядваў на іх, было дзікавата.. ад іх маўклівай затоенасці. Капыловіч.

дзікава́тасць, ‑і, ж.

Уласцівасць дзікаватага. [Гаспадар] быў у добрым сінім бастонавым гарнітуры, у добрых чаравіках. Барада была расчасана і прыведзена ў парадак. Адразу з аблічча чалавека знікла дзікаватасць. Сабаленка.

дзікава́ты, ‑ая, ‑ае.

Трохі дзікі (у 1–6 знач.). А Валодзю забрала да сябе цётка Аўдоцця, жанчына адзінокая, старая і дзікаватая. Ваданосаў.

дзікаро́слы, ‑ая, ‑ае.

Які расце ў дзікім стане (пра расліны). Дзікарослыя яблыні. Дзікарослыя лекавыя травы. Дзікарослыя ягады.

дзі́касць, ‑і, ж.

1. Уласцівасць і стан дзікага (у 1–6 знач.).

2. Устарэлая назва першага перыяду ў развіцці першабытнага грамадства (уведзеная вучоным Л. Морганам). Парная сям’я ўзнікла на мяжы паміж дзікасцю і варварствам, у большасці ўжо на вышэйшай ступені дзікасці, толькі дзе-нідзе на ніжэйшай ступені варварства. Энгельс.