Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

пу́драніца, ‑ы, ж.

Спецыяльная каробачка для пудры. Пасажыр з верхняй лаўкі.. расказваў, як яму аднойчы зляцела на галаву раскрытая пудраніца нейкай дзяўчыны і як ён потым усю дарогу не мог ачысціцца ад пудры. Васілёнак.

пу́драны, ‑ая, ‑ае.

1. Дзеепрым. зал. пр. ад пудрыць.

2. у знач. прым. Пакрыты пудрай.

пу́дрыцца, ‑руся, ‑рышся, ‑рыцца; незак.

Пудрыць свой твар.

пу́дрыць, ‑ру, ‑рыш, ‑рыць; незак., каго-што.

Пакрываць, насыпаць пудрай. Пудрыць твар. // Пасыпаць якім‑н. парашком паверхню чаго‑н.

пу́дынг, ‑у, м.

Запяканка з круп, мукі, тварагу і пад. Тварожны пудынг.

[Англ. pudding.]

пу́жала, ‑а, н.

Тое, што і пудзіла (у 1 знач.). Заяц баіцца незнаёмых рэчаў, у тым ліку і пужал, якія ставяць на палях для таго, каб адагнаць яго. «Беларусь».

пужа́льна, ‑а, н.

Абл. Пугаўё. Прымацаваная да пужальна жалезным кальцом з сырамяццю, гэтая пуга пачыналася з таўшчэразнай, як вужышча, спецыяльна звітай вяроўкі. Колас.

пужану́ць, ‑ну, ‑неш, ‑не; ‑нём, ‑няце; зак., каго-што.

Разм. Тое, што і пужнуць. Так захацелася пужануць курэй, каб яны з кудахтаннем разляцеліся куды каторая, але Стась стрымаўся і павярнуў у другі бок. Гарбук. Мусатаў дрыжаў. Настаў, здавалася, час. Цяпер і гэтага можна было пужануць арыштам ці смерцю. Ён адчуваў, што ўсё ў ім звініць. Караткевіч.

пужа́ны, ‑ая, ‑ае.

Такі, якога часта і многа пужалі. Пужаная варона і куста баіцца. Прымаўка.

пужа́цца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; незак.

Адчуваць страх, палохацца. [Васілёк:] — Мама! Страшна мне тут, Я баюся адзін: Унь варушыцца жмут на ашэстку аўчын .. — Не пужайся, дурны. То аўчынкі вісяць, Нежывыя яны І не могуць чапаць. Колас. Барада ў мяне сапраўды страшная вырасла: раней я сам сябе пужаўся, калі часамі заглядваў у ваду замест люстэрка. Якімовіч.