псяр, ‑а, м.
Наглядчык за паляўнічымі сабакамі; сабакар.
пся́рня, ‑і, ж.
1. Асобнае памяшканне для сабак; сабакарня.
2. зб. Сабакі, мноства сабак. Хутка на «Келмаў» сігнал адгукнуліся суседнія сабакі. І неўзабаве цэлая псярня акружыла воз. Якімовіч.
псяю́ха, ‑і, м. і ж.
Разм. лаянк. Пра таго, хто выклікае агіду, нянавісць. Няхай адно кране за вуха: Як выйдзе ён на двор, псяюха, Адзін без нас, як цёмна стане, Тады што скажаш нам, Іване? Колас. Глядзіць сабачым вокам злым, Бурчыць, здаецца, глуха. Ды раптам... Што такое з ім? Пачаў брахаць псяюха. Зарыцкі.
птамаі́н, ‑у, м.
Спец. Арганічнае атрутнае рэчыва, якое ўтвараецца ў працэсе гніення бялкоў; трупная атрута.
[Ад грэч. ptōma — труп.]
пта́ства, ‑а, н., зб.
Птушкі. Птаства тут [у лесе] было многа: былі тут вераб’і, ластавачкі, плісачкі, галубы, качкі і іншыя. Колас. Ля буславага гнязда не змаўкаў вясёлы птушыны шчэбет: у шчылінах буславага гнязда заўсёды знаходзіла прытулак дробнае птаства. Лынькоў. Дзяўчына таропка гнала да рэчкі сваё крыклівае белае птаства. М. Ткачоў.
птах, ‑а, м.
Разм. Птушка, звычайна вялікая. У непраходнай глухамані гняздзіцца на векавых дрэвах рэдкі птах — чорны бусел. В. Вольскі. Дзед ганарыўся галубамі: маўляў, ні ў каго няма такіх разумных птахаў, як у яго... Сабаленка.
пта́ха, ‑і, ДМ птасе, ж.
Разм. Птушка. Нырне птаха з галавой у ваду, і хвіліну-другую толькі хвост, як венік-дзяркач, тырчыць на паверхні. Навуменка. [Дзед:] — Не прывык ты, галубок, на адным месцы быць. Пералётнай птахай стаў. Даніленка.
пта́шка, ‑і, ДМ ‑шцы; Р мн. ‑шак; ж.
Разм. Дробная птушка. Пташкі-ластаўкі ляталі То на двор, то са двара, Над гняздзечкамі снавалі І так міла шчабяталі, Як бы жычылі дабра. Колас.
птушаня́ і птушанё, ‑няці; мн. ‑няты, ‑нят; н.
Дзіцяня птушкі. Калі Хоці злавіў .. [калібры].., то думаў, што гэта проста нейкае звычайнае птушаня, што яно вырасце і зробіцца вялікай дарослай птушкай. Арабей. Птушыныя гнёзды даўно апусцелі — Расправілі крылы свае птушаняты. Гаўрусёў. // перан. Пра чыё‑н. дзіця. Сірочае, праўда, гняздо, асірацелае пасля таго, як забілі Андрэя, аднак, усё ж такі гняздо, бо ў ім жыло разам з Лідай іхняе птушанё — дзевяцімесячная Верачка. Брыль. // перан. Пра маладога, нявопытнага чалавека. — Так нечакана ўсё, падумаць мушу я, — Якуб павольна з крэсла ўзняўся, — Я ж у навуцы птушаня, А вы заслужаны машыназнаўца. Зарыцкі.
птушаня́тка, ‑а, н.
Памянш.-ласк. да птушаня; маленькае птушаня. Карэспандэнт узяў з рук хлопчыка гняздзечка, якое не мела адной сценкі. Але чацвёра ледзь апераных птушанятак змяшчаліся ў ім і разяўлялі дзюбкі. Пестрак.