Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Прадмова Скарачэнні Кніга ў PDF/DjVu

глыта́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак., каго-што і без дап.

1. Пры дапамозе мышцаў горла праштурхоўваць што‑н. у стрававод і страўнік. Глытаць ежу. Глытаць пілюлі. // Уцягваць у сябе паветра, дым, пыл і інш. Глытаць паветра. □ Усё роўна, дзе грудзьмі глытаць Марскі ахрыплы вецер. Танк. // перан. Паглынаць, усмоктваць (пра багну і пад.). Краіна мая, Ты фашыстаў сустрэла Агнём і сякерай, Гранатай і стрэлам, Калола іх хвояй, Глытала дрыгвою. Панчанка.

2. Разм. Есці, піць з прагнасцю, вялікімі глыткамі. Удовін сын з сябрамі шклянкамі п’юць, а Вадапой — цэлымі бочкамі глытае. Якімовіч. // перан. З прагнасцю чытаць; прагна слухаць. Глытаць кнігі. □ Я глытаю кожнае дзедава слова. Бядуля.

•••

Глытаць слёзы — старацца стрымаць слёзы.

Глытаць сліну (слінку) — з зайздрасцю, з прагнасцю глядзець на што‑н. смачнае, прывабнае, але недаступнае.

Глытаць словы — гаварыць неразборліва, невыразна; не дагаворваць слоў.

глытну́ць, ‑ну, ‑неш, ‑не; ‑нём, ‑няце; зак.

Тое, што і глынуць. [Жанчына] глытнула некалькі разоў гарачага чаю. Караткевіч.

глыто́к, ‑тка, м.

1. Аднаразовы рух глытальных мышцаў пры глытанні; глытальны рух. Піў захліпаючыся, глыбокімі глыткамі. Напіўшыся, прылёг на левы бок. Хомчанка.

2. Колькасць яды або вадкасці, якую можна праглынуць за раз. Маленькі глыток. □ [Лялькевіч] выцер рукавом пот і, закінуўшы галаву, пачаў піць павольна, смакуючы кожны глыток. Шамякін. // Зусім невялікая колькасць яды або пітва. У бязмежнай прасторы сіняй не знайсці ні глытка вады. А. Вольскі.

глэ́маць і гла́маць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак., каго-што і без дап.

Разм. Хапаць зубамі, губамі. Конь Сомікаў стаяў доўга, глэмаў снег. Крапіва.

глэ́мнуць, ‑ну, ‑неш, ‑не; ‑нем, ‑неце; зак.

Аднакр. да глэмаць, гламаць.

глю́га, ‑і, ДМ глюзе, ж.

Разм. Дзюба ў драпежных птушак. Крумкач глюгу звесіў Над згніўшай калодай. Купала.

глюга́сты, ‑ая, ‑ае.

З вялікай глюгай. Глюгасты арол. // Падобны на глюгу. Глюгасты нос.

глюко́за, ‑ы, ж.

Салодкае рэчыва, вуглявод у пладах раслін; вінаградны цукар.

[Ад грэч. glykys — салодкі.]

гляда́ч, гледача, м.

1. Той, хто глядзіць што‑н., назірае, сочыць за чым‑н. Спрактыкаванае вока старонняга гледача заўважыла, як шпарка рос гэты калгасны пасёлак. Колас.

2. Той, хто глядзіць спектакль, фільм і інш. віды мастацтва на сцэне. Праз хвіліну, не болей, Рыгорава постаць знікла ў натоўпе шумлівых гледачоў, што густою сцяною адрэзалі сцэну ад залы. Гартны. / у знач. зб. Фільм «Канстанцін Заслонаў» заваяваў любоў гледача. «Беларусь».

гляда́чка, ‑і, ДМ ‑чцы; Р мн. ‑чак; ж.

Жан. да глядач.