Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

гмах, ‑у, м.

Вялікі вышынны будынак. Я ў сталіцы ізноў Сярод гмахаў-дамоў, Што здзіўляюць красой небывалай. Журба. Высокі клён, Але і ён — Па пояс дому-гмаху. Макаль. // перан. Увогуле пра што‑н. вялікае, велічнае. Дуб і сосны — векавыя гмахі, Не баяцца бур і навальніц. Пысін. Грамада — вялікі гмах: Адзін ляжа, сто ідзе, А хто ж роўны грамадзе?! Купала.

[Польск. gmach з ням.]

гмі́на, ‑ы, ж.

Самая дробная адміністрацыйна-тэрытарыяльная адзінка ў Польшчы. Ваявода Даўнаровіч абяцаў распачаць шырокі наступ на бунтарскія гміны і вёскі са сваімі людзьмі, якіх падбіраў асабіста. Паслядовіч. // Адміністрацыйны цэнтр такой адзінкі, дзе знаходзіцца яе кіруючы апарат. У .. доме каля плошчы размясцілася гміна, куды солтысы носяць садраныя з людзей падаткі. Брыль.

[Польск. gmina з ням.]

гмі́нны, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да гміны. Гмінны пісар.

гмы́каць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.

Разм. Вымаўляць «гм», выказваючы сумненне, здзіўленне.

гмы́кнуць, ‑ну, ‑неш, ‑не; зак.

Аднакр. да гмыкаць.

гнае́нне, ‑я, н.

Дзеянне паводле знач. дзеясл. гнаіць і стан паводле знач. дзеясл. гнаіцца.

гнаёк, гнайку, м.

Памянш. да гной. Палажы гнайку — будзе пшаніца на таку. Прыказка.

гнаі́цца, гноіцца; незак.

Выдзяляць гной. Вочы гнояцца. □ Правая нага, на якой вышэй калена гнаілася рана, распухла і пакрылася фіялетавымі плямамі. Мележ.

гнаі́ць, гнаю, гноіш, тоіць; незак., каго-што.

Прыводзіць у стан гніення; дапускаць развіццё гнілі ў чым‑н. — От гады печаныя, гэтыя кулакі, хлеб гнояць у зямлі, — сказаў.. [Лопух] са штучнай злосцю. Сабаленка. // перан. Доўгі час трымаць каго‑н. у невыносна цяжкіх умовах. Гнаіць у турме.

гнайні́к, ‑а, м.

1. Гнойны нарыў; абсцэс.

2. перан. Ачаг якой‑н. шкоднай грамадскай з’явы.