Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

глыбокапаважа́ны, ‑ая, ‑ае.

Вельмі паважаны (ужываецца звычайна пры афіцыйным звароце да каго‑н.). Глыбокапаважаны таварыш!

глыбокашано́ўны, ‑ая, ‑ае.

Тое, што і глыбокапаважаны.

глыбо́кі, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае вялікую глыбіню (у 1 знач.). Глыбокая нара. Глыбокая яма. Глыбокая рака. □ Усюды было многа вузкіх дарожак з глыбокімі каляінамі. Чорны. // Зроблены, праведзены на значную глыбіню. Глыбокае ворыва. // Які мае большую глыбіню ў параўнанні з іншымі аднароднымі прадметамі. Глыбокая талерка. □ Твар .. [маці] заклапочаны, пад вачамі туга праклала глыбокія маршчыны. Кавалёў. // Далёкі, які не мае бачных граніц. У глыбокім начным небе высыпалі мірыяды зор. Лынькоў. // Які залягае тоўстым слоем. Снег быў глыбокі, пульхны, але добра трымаў лыжы. Алешка. [Коні] пачалі задаволена фыркаць, рупліва тупаючы па глыбокім пяску. Брыль.

2. Які знаходзіцца далёка ад паверхні ці пранікае на значную глыбіню (у 2 знач.). Глыбокае дно. Глыбокі нырок. // Які выходзіць з глыбіні (у 3 знач.). Дыханне рабілася рытмічным і глыбокім. М. Ткачоў. Голас быў роўны, ціхі і глыбокі. М. Стральцоў. // Праніклівы (пра позірк, вочы). Глыбокі позірк. □ Перад.. [Зорыным] паўстаў мілы вобраз Надзейкі, яе нейкія асаблівыя вочы, глыбокія, як мора. Гурскі. Вочы ў Алёнкі цёмныя, глыбокія. Кандрусевіч.

3. Аддалены ад граніц чаго‑н. або размешчаны ўсярэдзіне чаго‑н. Глыбокі тыл. □ Жыў ляснік са сваёй леснічыхай Каля завадзі ціхай, Каля возера ў пушчы глыбокай Ад вёсак далёка. Куляшоў. Сябрам-партызанам [Дубяга] сказаў не чакаць З глыбокай разведкі раней як дзён пяць. Танк. // перан. Даўно мінулы; аддалены (пра час). Глыбокая старажытнасць.

4. Змястоўны, важны, грунтоўны. Глыбокія веды. Глыбокі аналіз паэмы. // Значны, істотны (пра змест, уклад у што‑н. і пад.). Пакінуць глыбокі след у літаратуры. □ Я толькі сёння распазнаў Глыбокі сэнс звычайных ісцін... Глебка.

5. Які дасягнуў высокай ступені; поўны, моцны (пра пачуцці, стан і пад.). Глыбокая любоў. Глыбокае маўчанне. □ Сцёпка падыходзіць да Алёнкі. Па голасу яго яна чуе глыбокую да яе павагу. Колас. Салодкі, смачны і глыбокі быў сон Рыгора. Гартны. // Які дасягнуў найвышэйшай ступені, мяжы ў сваім развіцці. Глыбокая старасць. // Позні, глухі (у 5 знач.). У глыбокую восень, скончыўшы навігацыю, параходы заходзілі ў загон. Ракітны.

6. Нізкі, шчыры (пра паклон). З паклонам ветлым і глыбокім сустрэў пасланак гаспадар. Машара.

глыж, ‑а, м.

Абл. Камяк ссохлай або змёрзлай зямлі, звычайна гліны. Алесь ударыў наском бота па глыжу, які рассыпаўся на пясок. Броўка. Аўсееў заварушыўся ў траншэі, шпурнуў у цемру глыж. Быкаў.

глыману́ць, ‑ну, ‑неш, ‑не; ‑нём, ‑няце; зак.

Аднакр. да глэмаць, гламаць.

глыну́ць, ‑ну, ‑неш, ‑не; ‑нём, ‑няце; зак., што і без дап.

1. Аднакр. да глытаць.

2. Разм. Перакусіць, крыху з’есці або выпіць. Глынуў трохі малака. □ Глынуў [Ян] баршчу наспех! І рушыў на начлег, Бо пакарміць каня Спяшаўся. Корбан.

•••

Глынуць гора (слёз) — перажыць, перанесці многа цяжкасцей.

глыта́льны, ‑ая, ‑ае.

Які служыць для глытання, суправаджае глытанне. Глытальныя мышцы.

глыта́нне, ‑я, н.

Дзеянне паводле знач. дзеясл. глытаць.

глыта́цца, ‑аецца; незак.

1. Паддавацца глытанню. Сухая ежа, не глытаецца.

2. Зал. да глытаць.

глыта́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак., каго-што і без дап.

1. Пры дапамозе мышцаў горла праштурхоўваць што‑н. у стрававод і страўнік. Глытаць ежу. Глытаць пілюлі. // Уцягваць у сябе паветра, дым, пыл і інш. Глытаць паветра. □ Усё роўна, дзе грудзьмі глытаць Марскі ахрыплы вецер. Танк. // перан. Паглынаць, усмоктваць (пра багну і пад.). Краіна мая, Ты фашыстаў сустрэла Агнём і сякерай, Гранатай і стрэлам, Калола іх хвояй, Глытала дрыгвою. Панчанка.

2. Разм. Есці, піць з прагнасцю, вялікімі глыткамі. Удовін сын з сябрамі шклянкамі п’юць, а Вадапой — цэлымі бочкамі глытае. Якімовіч. // перан. З прагнасцю чытаць; прагна слухаць. Глытаць кнігі. □ Я глытаю кожнае дзедава слова. Бядуля.

•••

Глытаць слёзы — старацца стрымаць слёзы.

Глытаць сліну (слінку) — з зайздрасцю, з прагнасцю глядзець на што‑н. смачнае, прывабнае, але недаступнае.

Глытаць словы — гаварыць неразборліва, невыразна; не дагаворваць слоў.