Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

глушы́цца, глушыцца; незак.

Зал. да глушыць.

глушы́ць, глушу, глушылі, глушыць; незак., каго-што.

1. Перашкаджаць слухаць, пазбаўляць магчымасці чуць; аглушаць. Народ таўчэцца каля копкі, Па бруку б’юць падковы звонка, Грымяць павозкі, буды, колы, Аж проста глушаць балаголы. Колас.

2. Рабіць нячутным, бясшумным; заглушаць. Кірмашовы гук і голас глушылі музыку. Гарэцкі.

3. Перашкаджаць сваім ростам росту іншых раслін, пазбаўляючы іх святла і прасторы. Пырнік глушыць збажыну. □ Флоксы напалам з травой глушылі ўсё, што было каля іх і пад імі драбнейшага. Чорны. // перан. Перашкаджаць развіццю чаго‑н. Глушыць ініцыятыву.

4. Разм. Моцным ударам па галаве пазбаўляць прытомнасці; аглушаць. Прыкладам свайго маленькага карабіна .. [Шурка] глушыць аднаго з бандытаў, у другога страляе. Мехаў. // Ударамі па лёдзе або падводнымі выбухамі даводзіць (рыбу) да стану здранцвення. Глушыць рыбу.

5. Выключаць (матор, машыну і пад.). Глушыць трактар.

6. Разм. Многа піць чаго‑н. Глушыць гарэлку.

глушэ́йшы, ‑ая, ‑ае.

Выш. ст. да прым. глухі.

глушэ́нне, ‑я, н.

Дзеянне паводле дзеясл. глушыць (у 4 знач.).

глушэ́ц, ‑шца, м.

1. Вялікая лясная птушка сямейства цецерукоў.

2. Разм. Пра глухога чалавека.

глушэ́ць, ‑эю, ‑эеш, ‑эе; незак.

Разм. Станавіцца больш глухім (у 1, 2, 3 і 5 знач.). Ноч цішэла і глушэла і цяжэй налягала на зямлю. Колас.

глыб, ‑і, ж.

Тое, што і глыбіня. У глыбі лясоў цецерукі Ужо зачыналі свае токі. Колас.

глы́ба, ‑ы, ж.

Вялікі бясформенны кавалак, абломак цвёрдага цела. Гранітная глыба. Глыба лёду. □ Летні сад над Нявою, агні над Фантанкай, Медны коннік на глыбе, залочаны шпіль... Звонак.

глыбакаво́дны, ‑ая, ‑ае.

1. Глыбокі і паўнаводны. Глыбакаводны канал.

2. Які жыве або знаходзіцца глыбока ў вадзе. Глыбакаводныя рыбы. □ У Чорным моры няма глыбакаводнай доннай фауны. «Маладосць».

3. Які мае адносіны да вывучэння фізічных уласцівасцей і арганічнага жыцця на вялікіх глыбінях (у 2 знач.). Глыбакаводныя даследаванні. // Прызначаны для работы на вялікай глыбіні. Глыбакаводныя поршневыя помпы.

глыбакаду́мнасць, ‑і, ж.

Уласцівасць глыбакадумнага.