Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

падво́шчваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.

Незак. да падвашчыць.

падву́снікі, ‑аў; адз. падвуснік, ‑а, м.

Валасы па вуглах губ, якія з’яўляюцца прадаўжэннем вусоў. Адпусціць вусы з падвуснікамі.

падву́чаны, ‑ая, ‑ае.

Дзеепрым. зал. пр. ад падвучыць.

падву́чвацца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; незак.

1. Незак. да падвучыцца.

2. Зал. да падвучваць.

падву́чваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.

Незак. да падвучыць.

падвучы́цца, ‑вучуся, ‑вучышся, ‑вучыцца; зак.

Разм. Павучыцца дадаткова; павысіць сваю кваліфікацыю. Падвучыцца англійскай мове. □ Правучыўшы пяць гадоў дзяцей у Ясенеўцы, захацеў я і сам падвучыцца. Васілевіч. [Сцяпан:] — Узялі мяне ў дзіцячы дом, падвучыўся я там, а потым і мара мая збылася — стаў трактарыстам. Бяганская.

падвучы́ць, ‑вучу, ‑вучыш, ‑вучыць; зак., каго-што.

1. Навучыць нямнога чаму‑н. Падвучыць слясарнай справе. // Дапамагчы лепш засвоіць што‑н., дадаткова навучыць чаму‑н. [Дзяўчынка], мусіць, не паспявала ў школе: кожнае лета да яе прыходзіла настаўніца — падвучыць. Адамчык. Настаўнік збіраўся ў недалёкім часе паехаць у Мікуцічы да сваіх сяброў і стараўся як мага болей падвучыць Ліду. Колас. // Вывучыць лепш. Падвучыць ўрокі. □ За час працы ў мылавара дзяўчына яшчэ падвучыла мову. Гурскі.

2. з інф. Падбіць, падгаварыць на што‑н. (часцей нядобрае). Падвучыць залезці ў чужы сад. □ — Гэты вось, Малец, — .. [Чэсь] тыцнуў рукой у грудзі Даніку, — падвучыў .. [хлопцаў] сабраць грошы... Брыль.

падвыва́нне, ‑я, н.

Дзеянне паводле знач. дзеясл. падвываць, а таксама гукі гэтага дзеяння. Над галавою з металічным падвываннем пагрозліва гулі самалёты. Карпаў. Да яго вушэй раптам даляцела прыглушанае, густое падвыванне.. Міша прыпыніўся: там яшчэ гула малацьба. Арочка.

падвыва́ць, ‑ае; незак.

1. Выць час ад часу, нядоўга. [Сабака] адбегся ад чалавека і, круцячыся на месцы, падвываў за кожным сваім брэхам. Чорны. // Утвараць гукі, падобныя на выццё. Падвывае матор. Падвывае мяцеліца. □ У коміне пачынаў падвываць вецер. Лобан.

2. Суправаджаць што‑н. выццём. [ванька] не чуў, як сястрычка клікала маці, як плакала, узлезшы на жэрдкі плота, а Мурза жаласна падвываў ёй. Ваданосаў.

падвы́піць, ‑п’ю, ‑п’еш, ‑п’е; зак.

Разм. Крыху, нямнога выпіць спіртнога; стаць, зрабіцца злёгку п’яным. Падвып’юць, ведаеш, мужчыны. Ото гаворка распачнецца! Колас.