Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

дзіва́цкі, ‑ая, ‑ае.

1. Уласцівы дзіваку, такі, як у дзівака. Дзівацкія мары. Дзівацкая натура. □ [Сымон] сваім такім дзівацкім талентам сам захапляўся, [па]глыбляў яго, развіваў, адшліфоўваў. Бядуля.

2. Дзіўны, незвычайны. У групе ішлі і дзве жанчыны: адна маладая ў саламяным капелюшы з дзівацкім заломам наперадзе. Пестрак. [У Астапа] было ў запасе шмат цікавых гісторый .. пра дзівацкія справы баброў. Лынькоў.

дзіва́цтва, ‑а, н.

1. Незвычайнасць у схільнасцях, звычках, паводзінах. — Ха-ха! Дзіўна! І не пратэставаць і не маўчаць! Ха-ха. Вось гэта і ёсць дзівацтва. Галавач. [А. Гурло] быў чалавек надзвычай сціплы, і гэта сціпласць даходзіла часам да дзівацтва. Хведаровіч.

2. Дзівацкі ўчынак, жаданне; капрыз. Раман Дзянісавіч расказваў пра навіны на трактарным заводзе, куды ён перайшоў гады два назад са станкабудаўнічага. Пераход гэты Марынка лічыла проста дзівацтвам: станкабудаўнічы завод быў амаль побач, бацька працаваў на ім майстрам-слесарам. Хадкевіч. Невялічкую падробку пад Пушкіна я заўважаў і раней, але глядзеў на яе, як на маладое дзівацтва. Скрыган.

дзіва́чка, ‑і, ДМ ‑чцы; Р мн. ‑чак; ж.

Жан. да дзівак.

дзіва́члівы, ‑ая, ‑ае.

Тое, што і дзівакаваты. Раптам некаму прыйшла ў галаву гуллівая, дзівачлівая думка. Зарэцкі.

дзіва́чыць, ‑чу, ‑чыш, ‑чыць; незак.

Разм. Паводзіць сябе як дзівак, рабіць дзівацтвы. Няхай я парой дзівачыў... Дык ведай — каханнем першым І шчырым, і непаўторным Цябе я, сяброўка, кахаў. Панчанка.

дзіві́цца, дзіўлюся, дзівішся, дзівіцца; незак.

1. каму-чаму, з каго-чаго і з дадан. сказам. Прыходзіць у здзіўленне; здзіўляцца. На світанні ўсё было скончана. Памеру дыверсіі дзівіліся нават самі партызаны. Шамякін. Дзівіцца Сцёпка. З кніжкі дзівіцца і з Аленчынай вучонасці, і ён не адважваецца паэкзаменаваць яе. Колас. Дзівіліся людзі: дробная, непрыгожая, няўдалая жанчына, пстрычкай забіць можна, а ў жыцці — люты драпежнік. Чарнышэвіч. // Выказваць сваё здзіўленне словамі. — О-го-го! — дзівіўся я, але больш глядзеў, чым слухаў. Карпюк.

2. Разм. Глядзець са здзіўленнем, з захапленнем або з цікавасцю. Хвіліны праз дзве камсамольцы ўсім гуртам, як ішлі, стаялі на самай сярэдзіне таполевай прысады і дзівіліся ў поле. Галавач. Кожную ночку на зорку дзівіцца Буду ў далёкім краю. Багдановіч.

•••

Дзівам дзівіцца — моцна здзіўляцца.

дзіві́ць, дзіўлю, дзівіш, дзівіць; незак., каго-што.

Выклікаць здзіўленне; здзіўляць. Касперскую дзівіла цярплівасць раненага, тое, што ён не скардзіўся, не стагнаў. Шарахоўскі. / у безас. ужыв. [Апейку] не раз дзівіла, і цяпер здзіўленне гэта ажыло зноў; колькі паэтаў, пісьменнікаў паявілася на беларускай зямлі за які дзесятак гадоў! Мележ.

дзіво́снасць, ‑і, ж.

Уласцівасць дзівоснага.

дзіво́сны, ‑ая, ‑ае.

1. Казачна-дзіўны, незвычайны, фантастычны. Ігнасю сняцца страшныя сны: ён вандруе па рэках і азёрах, пераходзіць кладачкі і масты. Чарнышэвіч. Янук павагаўся і сеў, хоць і страх наганяў на яго гэты пакой, падобны на дзівоснае вядзьмарскае збудаванне. Лупсякоў. Вокны друкарні.. замураваны дзівоснымі ўзорамі дзеда-мароза. Брыль.

2. Цудоўны, незвычайны па хараству, прыгажосці. Дрэвы яшчэ дзе-нідзе стаялі ў сваім дзівосным жоўта-барвовым убранні. Ляўданскі. Усё было нібы ахоплена агнём, дзівосным, невыказна прыгожым, усеабдымным. Мележ.

3. Выдатны, вельмі добры, цудоўны. — Ну ж і стрэльбу здабыў ты сабе, Мартын! — цмакаў дзед Талаш, разглядаючы дзівосную стрэльбу. Колас. Слава аб ім [Талімоне] ішла далёка, і перш за ўсё — за дзівосны голас. Кулакоўскі.

дзіво́сы, ‑вос і ‑аў, мн.

Разм. Дзіўныя рэчы, здарэнні; цуды. Дзядзька падбаўляў страху, расказваючы на печы розныя дзівосы. Лужанін.