Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

абармо́т, ‑а, М ‑моце, м.

Разм. Чалавек, учынкі і паводзіны якога выклікаюць абурэнне, агіду; нягоднік, грубіян, ашуканец. У душу ўлазіць з брудным ботам, Жыццё атручвае, як гад. Пракляты ж будзь ты, панскі лад, Дзе права правяць абармоты. Колас.

абармо́тка, ‑і, ДМ ‑тцы; Р мн. ‑так; ж.

Жан. да абармот.

абаро́г, ‑а, м.

Збудаванне ў выглядзе стрэшкі, паднятай на чатырох слупах, якое служыць для складання сена, саломы і пад.

абаро́на, ‑ы, ж.

1. Дзеянне паводле знач. дзеясл. абараняць — абараніць і абараняцца — абараніцца.

2. Сукупнасць сродкаў, накіраваных на забеспячэнне краіны, народу ад нападу ворагаў. Абарона сацыялістычнай Айчыны ёсць свяшчэнны абавязак кожнага грамадзяніна СССР. Канстытуцыя СССР.

3. Сістэма абарончых збудаванняў. Прарваць абарону праціўніка. Участак абароны.

4. Абарончы бок у судовым працэсе, у гульні. Пярэчанне абароны. Гуляць у абароне.

абаро́нец, ‑нца, м.

Прыхільнік абаронніцтва.

абаро́нніцкі, ‑ая, ‑ае.

Які выражае палітыку, настроі абаронніцтва. Абаронніцкая пазіцыя. Абаронніцкія партыі.

абаро́нніцтва, ‑а, н.

Палітыка абароны буржуазнай дзяржавы і інтарэсаў нацыянальнай буржуазіі, якая праводзілася апартуністычнымі партыямі ў часе першай сусветнай вайны пад лозунгам «абароны бацькаўшчыны» і азначала ў сапраўднасці здраду інтарэсам рабочага класа.

абаро́нны, ‑ая, ‑ае.

Які звязаны з абаронай, задавальняе патрэбы абароны. Абаронная магутнасць краіны. Абароннае значэнне. Абаронная прамысловасць.

абаро́нца, ‑ы, ДМ ‑у, Т ‑ам, м.; ДМ ‑ы, Т ‑ай (‑аю), ж.

1. Той, хто каго‑, што‑н. абараняе, засцерагае ад нападу, непрыязных або варожых дзеянняў, шкоднага ўплыву; заступнік. Абаронцы міру. □ [Віця] ні на крок не адыходзіў ад дзеда, адчуваючы ў ім клапатлівага і надзейнага абаронцу. Шамякін. [Варожых аўтаматчыкаў] сустракалі абаронцы крэпасці ружэйным і кулямётным агнём. Гурскі.

2. Той, хто адстойвае на судзе інтарэсы абвінавачанага; адвакат. Пасля абвінаваўчае, прамовы выступіў абаронца. Чорны.

3. Ігрок групы абароны ў футбольнай, хакейнай і інш. камандах. Левы абаронца.

абаро́нчы, ‑ая, ‑ае.

Які мае сваёй мэтай абарону. Абарончыя баі. Абарончая тактыка. // Прызначаны для абароны. Абарончыя збудаванні. Абарончы рубеж. □ Узвод Пазняка першы прарваўся праз абарончыя лініі ворага. Шахавец.