Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

падві́цца, падаўюся, падаўешся, падаўецца; падаўёмся, падаўяцеся, падаўюцца; пр. падвіўся, ‑вілася, ‑вілося; заг. падвіся; зак.

Разм. Злёгку, нямнога завіцца; падправіць сабе завіўку. Падвіцца к вечару.

падві́ць, падаўю, падаўеш, падаўе; падаўём, падаўяце; пр. падвіў, ‑віла, ‑віло; заг. падві; зак., што.

Злёгку, нямнога завіць; падправіць завіўку. Падвіць валасы.

падво́блачны, ‑ая, ‑ае.

Вельмі высокі, пад самыя воблакі. Падвоблачныя вяршыні гор. // Які знаходзіцца, ажыццяўляецца вельмі высока, пад воблакамі. Падвоблачная вышыня. Падвоблачны шлях.

падво́д, ‑у, М ‑дзе, м.

Дзеянне паводле дзеясл. падводзіць — падвесці (у 1–3 знач.).

падво́да, ‑ы, ДМ ‑дзе, ж.

Запрэжаны воз, калёсы. Грузавая падвода. Прыехаць на падводзе. □ Падводамі прывозілі з горада тавар. Каваль. Яшчэ здалёку было відаць, што сёння ёсць завознікі: некалькі падвод стаяла на грэблі каля млына. С. Александровіч.

падво́дзіцца, ‑дзіцца; незак.

Зал. да падводзіць (гл. падвесці ў 1–4, 6 і 7 знач.).

падво́дзіць, ‑джу, ‑дзіш, ‑дзіць.

Незак. да падвесці.

падво́дка 1, ‑і, ДМ ‑дцы; Р мн. ‑дак; ж.

1. Дзеянне паводле дзеясл. падвесці (у 2, 3 знач.).

2. Спец. Дэталь у машыне, прыладзе, якая служыць для падвядзення электрычнага току, масла і пад. Падводка гаручага. Падводкі да катлоў.

падво́дка 2, ‑і, ДМ ‑дцы, Р мн. ‑дак; ж.

Тое, што і падгалосак.

падво́днік, ‑а, м.

1. Марак, які служыць у падводных часцях флоту.

2. Спецыяліст па падводных работах.

падво́дны 1, ‑ая, ‑ае.

1. Які знаходзіцца пад вадой, ніжэй паверхні вады. Падводныя скалы. □ Бабёр заўсёды здолее своечасова выбрацца праз падводны ход і адплысці куды-небудзь далей. В. Вольскі. // Які жыве, расце пад вадой. Падводная расліннасць.

2. Які прызначаны для дзеяння пад вадой. Падводнай лодкі перыскоп На ўсходзе з-пад хваляў вынырнуў і знік назад. Аўрамчык. // Які праводзіцца, адбываецца пад вадой. Падводныя работы. Падводныя здымкі. Падводнае плаванне. // Які што‑н. робіць пад вадой. Падводны плывец.

•••

Падводная плынь гл. плынь.

Падводныя камяні гл. камень.

падво́дны 2, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да падводы.