шчэ́па, ‑ы, ж.
1. Чаранок высокагатунковага дрэва, які ўстаўляюць у расшчэплепую частку якой‑н. расліны для прышчэпкі.
2. Прышчэпленая расліна. Поруч са старымі яблынямі, грушамі раслі маладзенькія шчэпы. Пальчэўскі.
шчэ́пка, ‑і, ДМ ‑пцы; Р мн. ‑пак; ж.
Невялікая тонкая пласцінка, кавалак, адколаты па слаі дрэва; трэска. Напалавіну ў шчэпкі пакрышыла, Напалавіну полымем пайшла. Як быццам хата ў тым і саграшыла, Што гэтак доўга хатаю была. Чэрня. [Алёшка:] — Глядзі вунь [Грышка], колькі дробных шчэпак ля камля. Якімовіч.
шчэ́рыцца, ‑руся, ‑рышся, ‑рыцца; незак.
Скаліцца, аскальвацца. Вочы .. [Мані] былі чырвоныя, круглыя, рот шчэрыўся. Мележ. Хітра шчэрыцца адна Злосная ваўчыца. Барадулін. / у перан. ужыв. Амбразуры дзота грозна шчэрыліся на падводу. Новікаў.
шчэ́рыць, ‑ру, ‑рыш, ‑рыць; незак., што.
1. Скаліць, аскальваць. Гаспадар спачувальна шчэрыць рот. Савіцкі. Аўчарка гыркала, шчэрыла зубы, рвалася да дрэва. Шыловіч. / у перан. ужыв. Стаю І на мяне падлога шчэрыць Крывыя, праржавелыя цвікі. Бураўкін.
•••
Шчэрыць зубы — тое, што і скаліць зубы (гл. скаліць).
шчэць, ‑і, ж.
Разм. Тое, што і шчацінне. Сям-там на задворках п[а]лае агнём салома, а вецер разносіць гарэлы пах свіней шчэці. Колас. Жылісты, зарослы чорнай шчэццю мужык кіраваў да плыта. Радкевіч. Шчэць лясоў на вяршынях, на вышэйшых схілах то там, то тут танула ў клубах дыму, знікала з вачэй. Мележ.