це́льная,
Цяжарная (пра карову і самак лася, аленя і пад.).
цельпукава́ты, ‑ая, ‑ае.
Разм. Няскладны, непаваротлівы. Шыракаплечы, магутны, з кароткай шыяй, крыху цельпукаваты Саша Камінскі выглядаў асілкам супраць худзенькага, зусім дробненькага Аляксея Дубені. Новікаў.
це́льца, ‑а, н.
1. Памянш.-ласк. да цела (у 2, 3 знач.).
2. звычайна мн. (це́льцы, ‑аў). Спец. Пэўныя ўтварэнні ў складзе якой‑н. жывой тканкі. Датыкальныя цельцы на канцы дзюбы дзятла.
•••
Белыя крывяныя цельцы — тое, што і лейкацыты (гл. лейкацыты).
Чырвоныя крывяныя цельцы — тое, што і эрытрацыты (гл. эрытрацыты).
целяпа́цца, ‑аецца; незак.
Разм.
1. Матляцца, будучы слаба прымацаваным або прымацаваным за адзін канец. Расшпілілася і целяпалася ззаду пражка ад камізэлькі. Скрыган. Трэцяя [жанчына] несла за плячыма мяшочак, які пры бегу целяпаўся і біў па спіне. Мележ.
2. Звісаць, шчыльна не прылягаючы (пра адзенне). Стракаты пінжак целяпаўся на вузкіх плячах. Хомчанка. Адна калошка ў штоніках у хлопчыка падкасана да калена, а другая, што целяпалася па назе, была мокрая і ў жоўтым пяску. Пташнікаў.
целяпа́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак., чым.
Разм. Матляць чым‑н. Целяпаць нагамі. □ [Каза] паважна ківала тупым клінам рудаватай барады, целяпала кароткім хвастом. Кудравец.
целяпе́нь, ‑пня, м.
Разм. Нязграбны, нехлямяжы чалавек. Хіба ж мала ў горадзе хлопцаў? Ды і не такіх, як я, целяпнёў, а хлопцаў — адарві ды падай. Сабаленка.
целяпну́ць, ‑ну, ‑неш, ‑не; ‑нём, ‑няце; зак.
Аднакр. да целяпаць.
це́мень, ‑і, ж.
Густая цемната (у 1 знач.). У прамежках між хатамі, дзе не свецяць вокны, цемень, як дзёгаць. Навуменка. Твар.. [жанчыны] у цемені цяжка было разглядзець. Колас. // чаго. Цёмная, дрэнна асветленая прастора. [Астаповіч] адамкнуў млын, і ўвайшоў у цемень гэтых сцен, так добра яму знаёмых за многа год. Чорны.
це́мечка, ‑а, н.
Разм. Памянш.-ласк. да цемя.
цемна... (гл. цёмна...).
Першая састаўная частка складаных слоў; ужываецца замест «цёмна...», калі націск у другой частцы падае на першы склад, напрыклад: цемнабровы, цемнатвары, цемнагрывы.