Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

урукапа́шную, прысл.

Змагаючыся з праціўнікам ручной зброяй, рукамі. Гвардзейцы другой роты, на якую была накіравана нямецкая атака, прапусцілі ўсіх у сваё размяшчэнне, далі жанчынам магчымасць разбегчыся і толькі пасля гэтага кінуліся ўрукапашную. «Маладосць». З мядзведзем тады біліся ўрукапашную: камень пад рукою — дык каменем, дубіна — дык дубінаю, рагаціна — дык рагацінаю. Лупсякоў.

уруча́льнік, ‑а, м.

Уст. Той, хто ўручае што‑н.

уруча́льніца, ‑ы, ж.

Уст. Жан. да уручальнік.

уру́чаны, ‑ая, ‑ае.

Дзеепрым. зал. пр. ад уручыць.

уруча́цца, ‑аецца; незак.

Зал. да уручаць.

уруча́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.

Незак. да уручыць.

уручну́ю, прысл.

Ручным спосабам, без выкарыстання машын. Шыць уручную. □ [Перчанка:] — Усё давялося рабіць уручную: араць, сеяць, касіць, жаць, малаціць. Жычка.

уручы́ць, уручу, уручыш, уручыць; зак., каго-што, каму-чаму.

Перадаць з рук у рукі, аддаць асабіста каму‑н. Уручыць пісьмо. Уручыць тэлеграму. Уручыць дыплом. □ [Пісар:] — Прабачайце, Андрэй Пятровіч, што патурбаваў вас: я павінен уручыць вам пакет, бо мне прадпісана аддаць яго пад распіску. Колас. / Пра медалі, ордэны. Перад вечарам генерал уручыў узнагароды. Мележ. // перан. Даверыць. Нам Радзіма ўручыла скаткі, Аўтаматы і спакой граніц. Бураўкін.

уручэ́нне, ‑я, н.

Дзеянне паводле знач. дзеясл. уручаць — уручыць.

уры́вак, урыўка, м.

Тое, што з’яўляецца часткай чаго‑н. цэлага. Добра памятае.. [Васілёк] толькі дым, агонь, крыкі, плач, страляніну, грукат і ўрыўкі некаторых падзей. Маўр. Непрыкметна для самога сябе Аляксей пачаў у думках то спрачацца, то згаджацца з кім-небудзь з калгаснікаў. Паплылі разрозненыя ўрыўкі сённяшняга сходу. Пальчэўскі. // Невялікая частка якога‑н. тэксту, твора і пад. Зборы ператварылася ў нешта накшталт літаратурных вечароў: чыталі вершы, урыўкі з кніг. Шамякін. У Пятай сімфоніі [Р. Пукста] ўрыўкі з розных тэм аб’яднаны. Дубкова.