Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

дзёрзкі, ‑ая, ‑ае.

1. Непачцівы, грубы; нахабна-задзірлівы. Дзёрзкі адказ. □ Дрэнны ён хлопец: навошта было так крыўдзіць матку, казаць ёй такія дзёрзкія словы? Колас. Часам на Ніка як бы нешта находзіла і ён станавіўся дзёрзкі, грубы і непаслухмяны. Лынькоў.

2. Вельмі смелы, абыякавы да небяспекі. — Хто думае наступаць, той заўсёды клапоціцца наконт разведкі: мабільнай, гібкай, разумнай, а калі трэба — дзёрзкай. Алешка. // Поўны смелых, упэўненых парыванняў. Якая багатая ноч! І як добра, што я гашчу ў цябе, радзіма мая, — дзёрзкая, свежая і дужая, як маладосць. Скрыган. Нам партыя дала І смелы дзёрзкі розум, І дум высокі ўзлёт, І веліч ясных мэт. Звонак.

дзёрнавы, ‑ая, ‑ае.

Які з’яўляецца дзёрнам. Дзёрнашы пласт. // Зроблены, складзены з дзёрну. Дзёрнавая абшыўка схілаў.

дзёрназніма́льнік, ‑а, м.

Перадплужнік, які служыць для зразання дзёрну і скідвання яго на дно баразны.

дзёру, у знач. вык.

Разм. Пускаецца наўцёкі, уцякае. [Маці:] Усе яны добрыя... Мякка сцелюць, ды мулка спаць... Сваё возьме — ды дзёру... Сачанка.

•••

Даць (задаць) дзёру гл. даць.

дзі́ва, ‑а; мн. дзі́вы, дзіў; н.

1. Нешта незвычайнае, тое, што выклікае здзіўленне. Загледзеўся [пан] на дзіва: такі недалужны конік, а цягне воз дроў, пад неба накладзены! Якімовіч. На твары ў .. [дзецюка] адбілася надзвычайнае здзіўленне: ён ніколі не бачыў такога дзіва, каб атаманам была дзеўка. Нікановіч. // Пра тое, што выклікае здзіўленне, захапленне сваімі выдатнымі якасцямі. Ну, што, здаецца, кусок дрэва, Той чорны дуб, што ў рэчцы мок, А вось жа выйшаў кад[аў]бок, Майстэрства дзіва. Колас. Было маленькае ярка-чырвонае дзіва на таку — малатарня. Мележ.

2. Разм. Здзіўленне. Старыя з дзівам паглядалі на свежыя хваёвыя слупы, што ўкопваліся ў зямлю. Бядуля. На дзіва ўсіх, шафёр адразу згадзіўся і выключыў матор. Кулакоўскі.

3. у знач. вык. Разм. Дзіўна. Я перачытаў гэтулькі кніг, што аж самому дзіва, колькі чалавек можа ўсяго перачытаць. Чорны. «Скуль іх [піянераў] столькі? — дзіва Гані: Ну, як макаў агарод!» Колас.

•••

Дзіва дзіўнае — вялікае дзіва. — Дзіва дзіўнае! — ускрыкнула Марыля, калі яны ўвайшлі ў Ладунькаву хату. — У печы не паліцца, а дым з коміна ідзе. Корбан.

Дзіва ўзяло (бярэ) каго — дзіўна каму‑н.

Дзіва што — безумоўна, так, несумненна.

Дзівам дзівіцца гл. дзівіцца.

Дзіву дацца гл. дацца.

На дзіва — надта добра, выдатна (удацца, выйсці і пад.).

дзівава́цца, дзівуюся, дзівуешся, дзівуецца; незак.

Разм. Здзіўляцца. Навокал стоўпілася многа цікаўных, якія прагна глядзелі, дзіваваліся майстэрству дзядзькі, датыкаліся пальцамі да жалейкі. Пестрак.

дзіва́к, ‑а, м.

Чалавек з незвычайнымі схільнасцямі, звычкамі, поглядамі; арыгінал (у 2 знач.). — Дзівак, — між сабой гаспадыні гавораць: — Бярэ, што не трэба, патрэбнае дорыць. Лось. Лявон з маленства цягу меў Да тэхнікі, і ў наваколлі Не па сваёй — па людскай — волі Ён славу дзівака займеў. Гаўрусёў.

дзівакава́ты, ‑ая, ‑ае.

З адзнакамі дзівацтва. Байкоў і Ірына Аркадзьеўна расказвалі адзін аднаму пра розных дзівакаватых, незвычайных людзей, з якімі ім давялося ў жыцці сустрэцца. Шамякін. Невялічкае і крыху дзівакаватае пісьмо павярнула зусім у іншы бок думкі Лабановіча. Колас.

дзіва́нна, ‑ы, ж.

Адна- і двухгадовая травяністая расліна сямейства залознікавых з жоўтымі, чырвонымі або белымі кветкамі, сабранымі ў колас; скарыстоўваецца ў медыцыне. Дзіванна вялікая. Дзіванна чорная.

дзівасі́л, ‑у, м.

Высокая шматгадовая травяністая расліна сямейства складанакветных з вялікімі прадаўгаватымі лістамі і дробнымі жоўтымі кветкамі; карэнне скарыстоўваецца ў медыцыне.