абарача́льнасць 1, ‑і, ж.
1. Спец. Перамяшчэнне транспартных сродкаў туды і назад, рух са зваротам да зыходнага месца за пэўны прамежак часу. Абарачальнасць вагонаў.
2. Праходжанне тавараў, грошай і пад. праз абарот (у 3 знач.). Абарачальнасць абаротных сродкаў.
абарача́льнасць 2, ‑і, ж.
Спец. Уласцівасць абарачальнага. Абарачальнасць хімічных рэакцый.
абарача́льны, ‑ая, ‑ае.
Спец. Здольны вяртацца ў свой першапачатковы, зыходны стан. Абарачальныя працэсы. Абарачальныя рэакцыі.
абарача́цца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца.
Незак. да абярнуцца (у 4, 5 знач.).
абарача́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.
Незак. да абярнуць (у 4, 5 знач.).
абарачэ́нне, ‑я, н.
1. Тое, што і абарот (у 1 знач.). Абарачэнне Зямлі вакол Сонца.
2. Тое, што і абарот (у 3 знач.). Пусціць у абарачэнне. Грашовае абарачэнне.
абарва́ны, ‑ая, ‑ае.
1. Дзеепрым. зал. пр. ад абарваць (у 1–3, 6 знач.).
2. у знач. прым. Сарваны; пазбаўлены чаго‑н. Этажэрка з кнігамі — у трэцім куце. Старыя абарваныя шпалеры месцамі заклеены газетамі. Бядуля. // Разарваны, перарваны. Ледзь прычакаўся ён [Алёшка] ранняга вячэрняга змроку. Украдкам агледзеў канцы абарваных шнуроў. Лынькоў. // Апрануты ў ірванае адзенне. Убор дзявочы абарваны, Зблытаныя косы, У вочках толькі рдзяцца слёзы, Як улетку росы. Купала. // Спынены, перапынены. А я не помню Калыханкі гэтай, Вайной абарванай, Недапетай... Скарынкін.
абарва́цца, ‑рвуся, ‑рвешся, ‑рвецца; ‑рвёмся, ‑рвяцеся; зак.
1. Адарваўшыся, аддзяліцца ад чаго‑н. Трос абарваўся.
2. Не ўтрымаўшыся, сарвацца, зваліцца адкуль‑н. [Даўгулевіч:] — Мне было горача і сніўся сон, нібы мы з Адэляю падымаліся на высокія горы, яна абарвалася і паляцела ў прорву. Гурскі.
3. перан. Нечакана спыніцца, перарвацца (пра якое‑н. дзеянне, працэс). Яшчэ некалькі хвілін, і гэтая вінаватая песня паравоза абарвалася, прыціхла. Колас. // Рэзка, без паступовага пераходу кончыцца. За вёскай шаша абарвалася.
•••
Сэрца абарвалася гл. сэрца.
абарва́ць 1, ‑рву, ‑рвеш, ‑рве; ‑рвём, ‑рвяце; зак., каго-што.
1. Зрываючы, вызваліць што‑н. ад чаго‑н. Абарваць куст агрэсту. // Пазрываць што‑н. з чаго‑н. Абарваць спелыя ягады. □ Пытае шумны маладняк У дрэў старых: вятры якія Іх абарвалі так, Ствалы сагнулі векавыя? Танк.
2. Моцна нацягнуўшы, разарваць; адарваць частку чаго‑н. або поўнасцю што‑н. ад чаго‑н. Ён абарваў брызент, якім ззаду быў завешаны кузаў. Янкоўскі.
3. перан. Раптоўна і рэзка спыніць дзеянне, працяканне чаго‑н. Абарваць размову. □ Разважанні камандзіра абарваў далёкі гарматы стрэл. Шчарбатаў.
4. Разм. Зарабіць, раздабыць што‑н. Чалавек тут жыў бедны і рад быў абарваць капейку з якога-небудзь выпадку. Чорны.
5. перан. Разм. Зрабіўшы рэзкую, грубую заўвагу, перапыніць каго‑н., прымусіць змоўкнуць. Андрэй слухаў Івана і ледзь стрымліваўся, каб не абарваць яго рэзкім словам. Шахавец.
6. Пашкодзіць, разарваць кусаючы; абкусаць. — Ах, ах! — крычыць пан. — Напусціце на яго [чорта] пару вепрукоў — няхай яны яму лыткі абарвуць! Якімовіч.
•••
Абарваць тэлефон — часта, многа званіць па тэлефоне.
абарва́ць 2, ‑рве; зак.
Апухнуць і нагнаіцца; нарваць вакол. Палец абарваў.
абарда́ж, ‑у, м.
Старадаўні спосаб марскога бою — счэпліванне свайго судна з варожым для рукапашнай схваткі.
•••
Браць (узяць) на абардаж гл. браць.
[Фр. abordage.]
абарда́жны, ‑ая, ‑ае.
Які мае дачыненне да абардажу. Абардажны бой.