пры́казкавы, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да прыказкі, з’яўляецца прыказкай. Прыказкавы выраз. Прыказкавая форма. □ На другім месцы па колькасці сабранага прыказкавага матэрыялу стаіць Слонімскі павет. Саламевіч.
прыка́зны, ‑ая, ‑ае.
Гіст. Які мае адносіны да прыказа.
прыка́зчык, ‑а, м.
Уст.
1. Наёмны служачы ў купца або ў гандлёвай установе, які выконваў даручэнні гандлёвага характару і па даручэнню гаспадара займаўся гандлем у магазіне; прадавец. [Бацька] наймаўся ў лясных купцоў прыказчыкам пры сплавах. Бядуля. — Хоць пару фунтаў [хлеба], Мікалай Ігнатавіч, — папрасіла .. [Ганна] маладога рухавага прыказчыка. Гартны.
2. Служачы ў маёнтку, які кіраваў гаспадаркай памешчыка і выконваў розныя гаспадарчыя даручэнні.
прыка́зчыца, ‑ы, ж.
Уст.
1. Жан. да прыказчык (у 1 знач.).
2. Жонка прыказчыка.
прыка́зчыцкі, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да прыказчыка; такі, як у прыказчыка. Прыказчыцкае месца. Прыказчыцкія манеры.
прыкало́цца, ‑колецца; зак.
Разм. Прымацавацца шпількай, іголкай і пад.
прыкало́ць, ‑калю, ‑колеш, ‑коле; зак.
1. што. Прымацаваць што‑н. да чаго‑н. укалоўшы або пры дапамозе шпількі, іголкі і пад. Прыкалоць кветку да валасоў. □ Пасля [салдат] зняў з сваёй пілоткі зорачку, прыкалоў яе хлопцу на кашулю. Гамолка.
2. каго. Забіць або дабіць чым‑н. колючым; закалоць. Прыкалоць кабана. □ Валька, загнаўшы .. [фашыста] ў тупік, прыкалоў штыком. Быкаў.
прыкамандзірава́нне, ‑я, н.
Дзеянне паводле знач. дзеясл. прыкамандзіраваць.
прыкамандзірава́ны, ‑ая, ‑ае.
Дзеепрым. зал. пр. ад прыкамандзіраваць.
прыкамандзірава́ць, ‑рую, ‑руеш, ‑руе; зак., каго.
Прызначыць часова ў чыё‑н. распараджэнне для выканання службовых абавязкаў. Партызанскі доктар Вежнавец, немалады ўжо чалавек, папрасіў Леўчыка прыкамандзіраваць .. [Галю] да шпіталя. Сабаленка.