Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

падвае́нне, ‑я, н.

Дзеянне паводле знач. дзеясл. падвоіць і падвоіцца.

падва́жаны, ‑ая, ‑ае.

Дзеепрым. зал. пр. ад падважыць.

падва́жванне, ‑я, н.

Дзеянне паводле знач. дзеясл. падважваць — падважыць.

падва́жвацца, ‑аецца; незак.

Зал. да падважваць.

падва́жваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.

Незак. да падважыць.

падва́жнік, ‑а, м.

1. Прыстасаванне ў паравых і інш. машынах у выглядзе стрыжня з дзяржаннем для рэгуліроўкі сілы або хуткасці руху чаго‑н.; рычаг. Васіль зайшоў у [паравозную] будку і таргануў падважнік свістка. Шынклер.

2. Тоўстая жэрдка, пры дапамозе якой прыпадымаюць цяжары. [Астаповіч] налёг грудзьмі на падважнік і так раскалыхваў абкапаны навокал корч. Чорны.

падва́жыць, ‑жу, ‑жыш, ‑жыць; заг. падваж; зак., што.

Прыпадняць рычагом, падважнікам (у 2 знач.). Падважыць бервяно. □ Натоўп не чакаў, калі адчыняцца цяжкія вароты турмы. У адну хвіліну быў расцягнуты суседні плот, і дзесяткі дручкоў падважылі іх і знялі з крукоў. Лобан.

падвазны́, ‑ая, ‑ое.

Які мае адносіны да падвозу. Падвазныя прадукты. Падвазныя шляхі.

падваі́ць, ‑дваю, ‑двоіш, ‑двоіць; зак., што і без дап.

Спец. Узараць другі раз. Падваіць папар.

падваксава́ць, ‑сую, ‑суеш, ‑суе; зак., што.

Разм. Пачысціць абутак ваксай злёгку або дадаткова.