прыбіва́цца, ‑аецца; незак.
1. Незак. да прыбіцца.
2. Зал. да прыбіваць.
прыбіва́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.
Незак. да прыбіць.
прыбінтава́ць, ‑тую, ‑туеш, ‑туе; зак., што.
Забінтоўваючы, прымацаваць да якой‑н. часткі цела. Прыбінтаваць руку да тулава.
прыбіра́льня, ‑і, ж.
1. Пакой, у якім адзяваюцца, прыводзяць у парадак свой знешні выгляд. // Памяшканне ў тэатры, дзе акцёры грыміруюцца і адзяваюцца перад прадстаўленнем. Акцёрскія прыбіральні.
2. Памяшканне для адпраўлення натуральных патрэб, мыцця і пад. — Абмінуў хлеў, бачу — прыбіральня, а ля яе — ход на двор. М. Ткачоў. Умываліся над парашаю, бо ўмывальнікі знаходзіліся ў прыбіральні і трэба было чакаць, пакуль адамкнуць камеру. Колас.
прыбіра́льшчык, ‑а, м.
Рабочы, які займаецца прыбіраннем, навядзеннем чыстаты, парадку дзе‑н. У трох пакоіках сельсавета не было нікога. Толькі на ганку з двара сядзеў стары аднаногі Мікодым, нязменны вартаўнік і прыбіральшчык сельсавета. Лынькоў.
прыбіра́нне, ‑я, н.
Дзеянне паводле знач. дзеясл. прыбіраць — прыбраць.
прыбіра́цца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; незак.
1. Незак. да прыбрацца.
2. Зал. да прыбіраць.
прыбіра́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.
Незак. да прыбраць.
прыбі́тасць, ‑і, ж.
Стан, уласцівасць прыбітага (у 2 знач.).