Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

пры..., прыстаўка.

1. Ужываецца пры ўтварэнні дзеясловаў і надае значэнні: а) давядзенне руху да канчатковай мэты; завяршэнне руху ў пэўным пункце, напрыклад: прыбегчы, прыйсці, прывалачы, прыляцець, прыпаўзці; б) давядзенне дзеяння да пэўнага выніку, напрыклад: прыахвоціць, прывучыць, прыкончыць, прыспець; в) збліжэнне, сутыкненне, напрыклад: прыткнуць, прыпнуць, прыхіліць; г) злучэнне, змацаванне, напрыклад: прыбіць, прыкалоць, прыклеіць, прыляпіцца, прымерзнуць, прыстаць, прышыць; д) сцісканне, выгладжванне, пашкоджанне ў выніку сціскання, напрыклад: прыкачаць, прымяць, прыціснуць; е) рух, накіраваны к сабе; дзеянне ў сваіх уласных мэтах, напрыклад: прывабіць, прыгрэбці, прыманіць, прысвоіць, прытуліць; ж) дадаванне, дабаўленне да чаго‑н., напрыклад: прыбавіць, прыараць, прылгаць, прыліць, прыпісаць; з) непаўнату дзеяння, напрыклад: прыадчыніць, прыглушыць, прыкрыць, прысылаць; і) суаднесенасць з пэўнай датай, надзеяй, напрыклад: прымеркаваць, прысвяціць, прыстасаваць; к) (толькі ад асноў дзеясловаў незакончанага трывання з суфіксамі ‑ыва‑, ‑іва‑, ‑ва-) дзеянне, якое суправаджае якое‑н. іншае дзеянне, напрыклад: прыгаворваць, прыпяваць, прытанцоўваць, прытупваць.

2. Ужываецца пры ўтварэнні назоўнікаў і прыметнікаў, падаючы значэнне: які размяшчаецца паблізу, каля чаго‑н., непасрэдна прымыкае да чаго‑н., напрыклад: прыбярэжны, прылесак.

прыадзе́ты, ‑ая, ‑ае.

Дзеепрым. зал. пр. ад прыадзець.

прыадзе́цца, ‑адзенуся, ‑адзенешся, ‑адзенецца; зак.

Разм. Набыць сабе адзежу; абзавесціся адзежай. [Галя] дзяжурыла ў вайсковай бальніцы пры тэлефоне; там і кармілі яе, і прыадзелася трохі. Брыль. [Бацька] дастаў з кішэні кашалёк, сказаў: — Бяры, Іван... Табе прыйдзецца трэба. А стрэльба пачакае. Гроднеў. // Адзецца лепш, чым звычайна, адзецца па-святочнаму. Выпускнікі прыадзеліся і з нейкім асабліва радасным пачуццём на сэрцы сядзелі ў пярэдніх радах. С. Александровіч. Уладусь памыўся, прыадзеўся і чакаў свайго дружбака. Савіцкі.

прыадзе́ць, ‑адзену, ‑адзенеш, ‑адзене; зак., каго.

Разм. Забяспечыць адзежай. Праўда, хлопца прыадзелі, Далі Хаімаў каптан. Колас. // Адзець лепш, чым звычайна; адзець прыгожа, па-святочнаму.

прыадкрыва́цца, ‑аецца; незак.

1. Незак. да прыадкрыцца.

2. Зал. да прыадкрываць.

прыадкрыва́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.

Незак. да прыадкрыць.

прыадкры́цца, ‑крыюся, ‑крыешся, ‑крыецца; зак.

Адкрыцца трохі, не да канца.

прыадкры́ць, ‑крыю, ‑крыеш, ‑крые; зак., што.

Адкрыць трохі, не да канца. [Стары] працягнуў руку да Марылі і з мяккім старэчым замілаваннем у вачах прыадкрыў тварык дзіцяці. Кулакоўскі.

прыадплю́шчыць, ‑плюшчу, ‑плюшчыш, ‑плюшчыць; зак., што.

Адплюшчыць трохі, не да канца. Да самага Глухога бору Сяргей быў маўклівы і нерухомы. Толькі адзін раз прыадплюшчыў зацёкшае крывёю правае вока, а можа гэта толькі здалося Далідовічу. Шахавец.

прыадстава́ць, ‑стаю, ‑стаеш, ‑стае; ‑стаём, ‑стаяце.

Незак. да прыадстаць.