бязра́даснасць, ‑і, ж.
Уласцівасць бязрадаснага.
бязра́дасны, ‑ая, ‑ае.
Пазбаўлены радасці; невясёлы. Мы цешымся, калі набліжаемся да такой мяжы, што пакідае за сабою бязрадасны, цяжкі і пакутлівы кавалак жыцця, і пераходзім у другі яго круг — ясны, прываблівы, жаданы. Колас.
бязро́гі, ‑ая, ‑ае.
Які не мае рога, рог. Бязрогая карова. □ Так і цямнеюць на сцяне тыя бязрогія алені, на якія Ніна не можа без грэблівасці глядзець... Даніленка.
бязро́дны, ‑ая, ‑ае.
Які не мае родных, сваякоў. Бязродны сірата. // перан. Які страціў або парваў сувязь з сваім народам, сваёй краінай. Бязродны касмапаліт.
бязро́сны, ‑ая, ‑ае.
Без расы. Раніца наступнага дня выдалася бязросная, і Аляксей пачаў працу з усходам сонца. Шамякін.
бязру́кі, ‑ая, ‑ае.
Які не мае рукі, рук. Арсеню першыя дні ў дзіцячым доме было нялёгка. Не таму, што ён быў бязрукі. Нядзведскі. // перан. Няспрытны ў рабоце, няўмелы. [Валянціна Міхайлаўна] не пачула, як .. [доктар] падышоў, як стаў ззаду і цераз яе плячо глядзеў на яе бязрукую работу. Васілевіч. / у знач. наз. бязру́кі, ‑ага, м. Лянівы горш за бязрукага. Прыказка.
бязры́б’е, ‑я, н.
Адсутнасць або недахоп рыбы. На бязрыб’і і рак — рыба. Прыказка.
бязры́бны, ‑ая, ‑ае.
У якім няма рыбы. Бязрыбная рэчка.
бязрэ́йкавы, ‑ая, ‑ае.
Без рэек; які рухаецца не па рэйках. Бязрэйкавыя дарогі. Бязрэйкавы транспарт.
бязь, ‑і, ж.
Баваўняная тканіна палатнянага перапляцення. Бязевая прасціна.