прасякне́нне, ‑я, н.
Стан паводле дзеясл. прасякнуць (у 2 знач.). Калі Маякоўскі дакранаўся да факта ці з’явы, можа ўбачаных і апісаных іншымі, яны пачыналі выглядаць зусім па-новаму, .. пачыналі першаіснаваць. Гэта ішло ад глыбокага прасякнення наватарскім духам часу. Лужанін.
прася́кнуты, ‑ая, ‑ае.
Дзеепрым. зал. пр. ад прасякнуць.
прася́кнуцца, ‑нуся, ‑нешся, ‑нецца; зак., чым.
Пранікнуцца, напоўніцца якім‑н. пачуццём, перакананнем, ідэяй. — Трэба прасякнуцца адказнасцю за даручаную вам справу і думаць аб гэтым кожную хвіліну. Шахавец.
прася́кнуць, ‑ну, ‑неш, ‑не; зак.
1. Пранікнуць куды‑н. праз што‑н. [Цемра] намагалася прасякнуць усюды. Дзяргай.
2. перан.; што (звычайна ў форме дзеепрым. зал. пр.). Напоўніць якім‑н. пачуццём, ідэяй. Уся .. творчасць [Я. Купалы] прасякнута ідэяй служэння народу, сцвярджэннем правоў працоўнага чалавека. Івашын.
прасялко́вы, ‑ая, ‑ае.
Тое, што і прасёлачны. Ранішнія сонечныя прамені купаліся ў ціхай роўнядзі рэчкі, што перасякала прасялковую дарогу. Скрыпка.
прася́нік, ‑у, м.
Травяністая кармавая расліна сямейства злакавых.
прася́нішча, ‑а, н.
Поле, з якога сабраны ўраджай проса або на якім папярэдняй культурай было проса.
прася́нка, ‑і, ДМ ‑нцы; Р мн. ‑нак; ж.
Невялічкая пеўчая птушка сямейства аўсянкавых.
прасяны́, ‑ая, ‑ое.
Які мае адносіны да проса. Прасяное зерне. Прасяное поле. // Зроблены з проса. Па зямлі плыў добры вечар, калі нарэшце была з’едзена салдацкая каша — прасяная, на сале. Чыгрынаў.
прасячы́ і прасе́кчы, ‑сяку, ‑сячэш, ‑сячэ; ‑сячом, ‑сечаце, ‑сякуць; пр. прасек, ‑секла; заг. прасячы; зак., што.
1. Секучы, зрабіць навылётную адтуліну ў чым‑н. Прасячэ Тарэнта ў стопцы акно, падраўняе падлогу, глінай яе пазамазвае і будзе жыць. Галавач. // Нанесці глыбокую рану чым‑н. вострым. Прасячы нагу сякерай.
2. Зрабіць праход, праезд у чым‑н. пры дапамозе інструментаў, прылад. Прасячы дарогу ў гарах.