прасе́яць, ‑сею, ‑сееш, ‑сее; зак., што і чаго.
1. Прапусціць праз сіта, рэшата і пад. для ачысткі ад пабочных прымесей. Старая Лукашыха, Аўгеня, прыйшла да свае суседкі Югасі пазычыць падсітак прасеяць мукі. Колас. Нідзе, здаецца, няма столькі пяску, як на гэтай дарозе. Белы, чысты, сыпучы, як прысак. Яго нібы прасеялі праз сіта. Ракітны. / у перан. ужыв. Час потым прасеяў усё, паставіў усё на сваё месца. Мележ. Паэту не заўсёды ўдавалася так прасеяць моўны матэрыял, каб ачысціць яго ад слоў вузкаабласной лексікі, русізмаў, паланізмаў. Ярош.
2. і без дап. Сеяць некаторы час.
прасёлак, ‑лка, м.
Грунтавая дарога паміж невялікімі населенымі пунктамі. Улетку гэты прасёлак быў — хоць бокам каціся, і дваццаць пяць кіламетраў ад Сасновіч да райцэнтра Данік на тым жа матацыкле, бывала, праскокваў за якіх мінут сорак. Краўчанка. Для нас засталіся абдымкі вятроў На ўсіх бальшаках і прасёлках, І музыка ліўняў, і пошум дуброў, І свіст перапёлак на золку. Гілевіч.
прасёлачны, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да прасёлка, з’яўляецца прасёлкам. Шашура выбраў на гэты раз ціхую, мала аб’езджаную прасёлачную дарогу. Мележ.
прасёлкавы, ‑ая, ‑ае.
Тое, што і прасёлачны. Частку лёгкага абозу заварочвалі назад, каб пусціць дзе-небудзь з шашы на прасёлкавыя дарогі. Лынькоў. Пясчаны шлях, насыпаны ўзбоч чыгункі, вядзе ў лес і ў мястэчка, прасёлкавая дарога — у мястэчка і ў поле. Навуменка.
прасігналізава́ць, ‑зую, ‑зуеш, ‑зуе; зак., што і без дап.
1. Падаць сігнал, прасігналіць.
2. перан. Папярэдзіць, паведаміць аб чым‑н., што адбылося ці можа адбыцца. Недзе ў сэрцы нехта нябачны ўжо прасігналізаваў гэтую радасную вестку. Васілевіч.
прасігна́ліць, ‑лю, ‑ліш, ‑ліць; зак., што, з дадан. сказам і без дап.
Падаць сігнал, папярэдзіць аб чым‑н. сігналам. Недзе з завулка раптоўна выскачыла, віскнуўшы тармазамі, машына, зычна, ледзь не ў самае вуха, прасігналіла — «Пэ-эп!». Місько. У гэты час на плошчы за універмагам прасігналіў аўтобус. Ляўданскі.
прасіпе́ць, ‑плю, ‑піш, ‑піць; зак.
Вымавіць сіплым голасам. — Вывесці гэтую балаболку! — урэшце не сказаў, а прасіпеў.. [суддзя], узмакрэлы і знясілены ад такога нябачанага канфузу. Лынькоў.
прасі́цель, ‑я, м.
Той, хто звяртаецца з просьбай, з прашэннем да каго‑н. ці куды‑н. Такім чынам .. [Гукану] ўдавалася абмінуць большасць кватэрных прасіцеляў, якія падпільноўвалі штодня. Шамякін.
прасі́целька, ‑і, ДМ ‑льцы; Р мн. ‑лек; ж.
Жан. да прасіцель.
прасі́цельскі, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да прасіцеля, уласцівы яму. Прасіцельскі выраз твару.