Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

прасвіста́ць, ‑свішчу, ‑свішчаш, ‑свішча; зак.

1. Абазвацца свістам. Вартавы прасвістаў.

2. што. Выканаць свістам (якую‑н. мелодыю). [Пятрусь] некалькі разоў прайшоўся па хаце і прасвістаў матыў «Варшавянкі». Гартны.

3. Праляцець, пранесціся, са свістам рассякаючы паветра. Над галавою прасвістала куля і ўрэзалася ў сасну. Гурскі. Бомбы прасвісталі над казіно, дзе быў падрыхтаваны баль для здраднікаў. Няхай. І па Марсе прамчаць, прасвішчуць Камсамольскія эшалоны. Лукша.

4. Свістаць некаторы час.

5. безас. каго. Разм. Праняць скразняком. [Алёша:] — Апранацца трэба добра, а то прасвішча. Лобан. [Вілюевіч:] — Учора на машыне мяне ветрам так прасвістала. Грамовіч.

6. што. Разм. Дарма патраціць. Прасвістаць грошы. Прасвістаць дзень без работы.

прасві́стваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.

Незак. да прасвістаць (у 2, 5 і 6 знач.).

прасвяжа́цца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; незак.

1. Незак. да прасвяжыцца.

2. Зал. да прасвяжаць.

прасвяжа́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.

Незак. да прасвяжыць.

прасвяжы́цца, ‑свяжуся, ‑свяжышся, ‑свяжыцца; ‑свяжымся, ‑свяжыцеся; зак.

Разм. Асвяжыцца, праветрыцца. Лясніцкі выйшаў за .. [сялянамі] на вуліцу і сеў на прызбе, каб прасвяжыцца трохі ад хатняй духаты. Зарэцкі.

прасвяжы́ць, ‑свяжу, ‑свяжыш, ‑свяжыць; ‑свяжым, ‑свежыце; зак., што.

Разм. Асвяжыць, праветрыць. — Трэба ж табе хоць трошкі прасвяжыць галаву, — не слухае сябар. — А то ўсё на рабоце ды на рабоце. Скрыган.

прасвяткава́ць, ‑кую, ‑куеш, ‑куе; зак., што і без дап.

Святкаваць некаторы час. Прасвяткаваць тры дні.

прасвятле́нне, ‑я, н.

1. Дзеянне паводле знач. дзеясл. прасвятляць — прасвятліць і стан паводле знач. дзеясл. прасвятляцца — прасвятліцца.

2. перан. Наступленне спакою, радасці, шчасця. Мабыць ва ўсякім жыцці, нават у самым цяжкім, бываюць свае прасвятленні, свае радасці. Кулакоўскі.

3. Здольнасць ясна, правільна мысліць. У адзін з момантаў прасвятлення .. [Голуб] зноў адрозніў пяшчотны звон Алесінага голасу: — Я буду даглядаць яго, — прасіла яна. Васілевіч.

прасвятле́ць, ‑ею, ‑ееш, ‑ее; зак.

1. Стаць светлым, святлейшым. Пад раніцу дождж перасціх. Край неба над вёскай Камчаны прасвятлеў. Шыловіч / у безас. ужыв. За акном сціх дождж, прасвятлела. М. Ткачоў.

2. перан. Стаць ясным, спакойным, радасным. Твар чалавека раптам прасвятлеў, зрабіўся нават прыемны, і я заўважыў, як з нейкай асаблівай удзячнасцю паглядзеў чалавек на жанчыну. Чыгрынаў. Усцін Тарасавіч прасвятлеў з твару, нейкае незвычайнае пачуццё нібы будзіла, нібы падымала яго. Марціновіч. Ледзь кранула. Пагукала... Не адказвае, маўчыць... Да самой яе прыпала, Прасвятлела: будзе жыць! Броўка. / у безас. ужыв. На душы прасвятлела.

3. перан. Стаць ясным, лагічным, нармальным (пра думкі, усведамленне і пад.). Думкі прасвятлелі. / у безас. ужыв. У галаве адразу прасвятлела. Мехаў.

прасвятлі́цца, ‑светліцца; зак.

1. Спец. Стаць светлым, святлейшым. Раствор прасвятліўся.

2. перан. Стаць ясным, спакойным, радасным. [Раечка] дала па адной [цукерцы] хлопчыку і дзяўчынцы. Тварыкі іх прасвятліліся. Лобан.

3. перан. Зрабіцца лагічным, ясным. Пасля дакладу думкі многіх, што тут прысутнічалі, не прасвятліліся, а быццам затуманіліся. Сабаленка. // Высветліцца, стаць зразумелым. Потым загадка прасвятлілася: у трэстаўскай кузні працаваў той жа самы дзядзька Алесь, які быў некалі калгасным кавалём. Кулакоўскі.