прарэ́ктар, ‑а, м.
Намеснік рэктара.
[Ад лац. pro — замест і rector — правіцель, кіраўнік.]
прарэ́ктарскі, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да прарэктара, належыць яму. Прарэктарскія абавязкі. Прарэктарскі кабінет.
прарэпеці́раваць, ‑рую, ‑руеш, ‑руе; зак., што.
Правесці рэпетыцыю (рэпетыцыі). Прарэпеціраваць п’есу.
прарэ́х, ‑а, м.
1. Разадранае ці разрэзанае месца ў адзенні; дзірка. Шырокі прарэх адкрывае грудзіну і жывот. Колас. // Адтуліна, дзірка ў чым‑н. Пакрыўленае гуменца свяціла прарэхамі ў страсе, праз якія відно было, як дрыжэлі зоры на сінім пагодным небе. Пестрак. // перан. Недахоп, недагляд. — Непаладак і прарэхаў у рабоце ў нас яшчэ шмат, — прамовіў .. [Дубовік] з неахвотай. Сіўцоў. [Сакратар:] — Каму-каму, а табе вядома, што пры ўсёй той велізарнай рабоце, якую вядзём у апошнія гады, і пры пэўных поспехах хапае і прарэхаў. Шамякін.
2. Пярэдні разрэз у штанах.
прарэ́ха, ‑і, ДМ ‑рэсе, ж.
Тое, што і прарэх. З-пад світы відаць .. сарочка і з-пад яе цераз прарэху відаць худыя жоўтыя грудзі. Галавач. Іван азірнуўся і палез у прарэху курткі. Быкаў. Дзядзька стаў мацаць рукамі па возе, правяраць, каб не было дзе якой прарэхі. Пестрак. [Старшыня:] — Скажу аб жывёлагадоўлі. Тут у нас, таварышы, шырокая прарэха атрымалася. Пянкрат.
прарэцэнзава́ны, ‑ая, ‑ае.
Дзеепрым. зал. пр. ад прарэцэнзаваць.
прарэцэнзава́ць, ‑зую, ‑зуеш, ‑зуе; зак., што.
Напісаць, даць рэцэнзію на што‑н. Прарэцэнзаваць кнігу.
прас, ‑а, м.
Прылада для гладжання, разгладжвання бялізны, адзення. Электрычны прас. □ Калі напіліся чаю, Лена прынесла з сянец Пятрову кашулю і пад прасам высушыла яе. Ваданосаў. Волька паслала на стол коўдру, уключыла прас. Савіцкі.
прасава́льны 1, ‑ая, ‑ае.
Які прызначаецца, служыць для прасавання 1. [Жанчына] збіралася прасаваць і ладзіла ля акна прасавальную дошку. Чорны.
прасава́льны 2, ‑ая, ‑ае.
Спец. Які прызначаны, служыць для прасавання 2. Прасавальны цэх.
прасава́льня, ‑і, ж.
Памяшканне, дзе прасуюць, гладзяць прасам што‑н.