Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

цвы́ркнуць, ‑не; зак.

Аднакр. да цвыркаць.

цвырку́н, ‑а, м.

Насякомае атрада прастакрылых, якое трэннем крыл утварае строкат. У сенцах заходзіўся цвыркун, няйначай на добрую пагоду. Лынькоў.

цвэ́гаць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.

Разм. Ледзь жыць, ліпець (пра стан здароўя). Жонка памерла, і ён ледзь цвэгае. // Жыць у нястачы. Не згадзіліся браць балота-сенажаці. Каб менш было выкупу.. І гэтак цэлы век. Бо трэба было ўсё ж такі жыць. І жылі. Цвэгалі-жылі без свайго сена. Баранавых.

цвя́каць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.

1. Разм. Тое, што і чвякаць (у 2 знач.). Памякчэла надвор’е, растаў снег, цвякала гразь. Гурскі.

2. Ляскаць жалезным прадметам. Цвякаць замком партфеля. □ А дзяўчына.., што была партнёршай у Ралана, цвякаючы канькамі па падлозе, затанцавала: — Згодны, згодны, згодны!.. Грамовіч.

цвя́кнуць, ‑ну, ‑неш, ‑не; зак.

Аднакр. да цвякаць.

цвялі́цца, цвялюся, цвелішся, цвеліцца; незак.

Дражніцца, жартаваць. «А можа гэта.. [Зоська] цвеліцца з маладым хлопцам».., — думаў часамі Галляш. Чорны. — Ого, якая ты скорая! Ужо і дайце ёй! Паскачы раней, а [тады] я табе дам, — цвяліўся той. Крапіва.

цвялі́ць, цвялю, цвеліш, цвеліць; незак., каго-што.

1. Дражніць, раздражняць. [Ілья Ільіч:] — Дзеці бегаюць па вуліцы, сабак цвеляць. Кулакоўскі. — Ой, сціхні хоць ты, Сяргей, не цвялі душу, — замахаў на Церахава Павел Кукушкін. Місько. // Выклікаць зайздрасць. [Мацвей] з першага разу адолеў араць і ўжо Андрушку паказваў, што ён ледзь не адной рукой можа трымаць плуг. А Андрушку гэта цвяліла. Лобан. // Хваляваць, расчульваць каго‑н. Частушкі аб каханні Мішка сабраў у папуры і так цвяліў імі хлопцаў і дзяўчат, так расчульваў, што рабіліся яны, як ліповыя — гні куды хочаш. Ермаловіч.

2. Выклікаць якія‑н. пачуцці, надзеі, жаданні. Мае сябры, Надзея цвеліць, Што не рассыплецца краса — Яна дажджом пялёсткаў белых Аквеціць новы зорны сад. Глебка.

цвярдзе́йшы, ‑ая, ‑ае.

Выш. ст. да прым. цвёрды.

цвярдзе́нне, ‑я, н.

Стан паводле знач. дзеясл. цвярдзець. Цвярдзенне бетону.

цвярдзе́ць, ‑ею, ‑ееш, ‑ее; незак.

1. Станавіцца цвёрдым, больш цвёрдым (у 2–7 знач.). З поўначы цягнула сухім холадам, зямля прыкметна пачала цвярдзець. Хомчанка.

2. перан. Станавіцца непахісным, мужным, вынослівым. Мы помнім, як трубы трубілі трывогу, як сэрцы ад болю цвярдзелі, што камень. Броўка. Звычайна пасіўная, нават кволая, .. [маці] непахісна цвярдзела, калі што датычылася дзяцей або яе асабіста. Карпаў.