Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

дзе́яць, дзею, дзееш, дзее; незак., што.

Уст. Рабіць, чыніць што‑н. каму‑н. Хто сам мадзее, людзям ліха дзее. Прыказка.

дзе́яч, ‑а, м.

Асоба, што вызначылася ў якой‑н. галіне грамадскай дзейнасці. Дзяржаўны дзеяч. Дзеяч навукі. Заслужаны дзеяч мастацтваў БССР. Грамадскі дзеяч. □ За гады савецкай улады многа выдатных людзей з’явілася ў беларускім Палессі. Гэта дзеячы народнай гаспадаркі, дзеячы ператварэння і ўдасканалення краю, дзеячы навукі і культуры. Чорны.

дзе-ко́лечы, прысл.

Абл. Дзе-небудзь. Бадай што іх дзе-колечы захапіў дождж, — падумаў [Рыгор] пра Сёмку з Волькаю ды Петруся з Гэляю. Гартны.

дзе-не́будзь, прысл.

У якім-небудзь месцы. — Чакай жа, — сказаў Цімох, — заварочвай статак, пагонім у Чартавіцу, дзе-небудзь напаткаем іх, паганцаў! Колас. Калі надыходзіла ноч і якая калона спынялася на начлег, дзе-небудзь з боку, неўзаметку, прыстройваўся і экіпаж эмкі. Лынькоў.

дзе-нідзе́, прысл.

Месцамі, сям-там. Сцежкамі да гумнаў праходзілі мужчыны. І толькі дзе-нідзе свяціўся ў хаце спознены агеньчык. Брыль. Наўкол, як акінуць вокам, зелянеў луг, ляжалі роўнымі радамі пракосы. Дзе-нідзе паміж імі паблісквала вада. Даніленка.