падаліва́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., што і чаго.
Разм. Даліць, напоўніць да краёў усё, многае. Падаліваць бочкі вадою. // Даліць нейкую колькасць чаго‑н. ва ўсё, многае. Падаліваць малака ў збаны.
падалікатне́ць, ‑ею, ‑ееш, ‑ее; зак.
Стаць, зрабіцца далікатным, далікатнейшым. Твар падалікатнеў — што значыць у горадзе хлопец жыве, вучыцца! Колас.
па́далкі, ‑лак; адз. падалка, ‑і, ДМ ‑лцы, ж.
Абл. Тое, што і апад. [Гарасім] на карачках поўзаў пад яблыняй і збіраў падалкі. Чарнышэвіч.
падалуча́цца, ‑аецца; ‑аемся, ‑аецеся, ‑аюцца; зак.
Разм. Далучыцца да каго‑, чаго‑н. — пра ўсіх, многіх. Хаця яшчэ і ранні час, Ужо мы грамадою едзем: З бліжэйшых вёсак, сёл да нас Падалучаліся суседзі. Танк.
падалуча́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., каго-што.
Разм. Далучыць усіх, многіх або ўсё, многае да каго‑, чаго‑н.
падамалёўваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., што.
Дамаляваць усё, многае.
падамало́чваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., што і без дап.
Дамалаціць усё, многае. Падамалочваць збожжа. // (1 і 2 ас. не ўжыв.). Завяршыць малацьбу — пра ўсіх, многіх. Суседзі ўжо падамалочвалі і салому скідалі ў стагі.
пада́нне, ‑я, н.
Вуснае апавяданне, якое жыве ў народзе, у данай мясцовасці і перадаецца з пакалення ў пакаленне. Паданне пра Машэку нясе ў сабе і адну з народных версій пра заснаванне і назву горада Магілёва. Шынклер.
падано́шваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., што.
1. Данасіць, знасіць усё, многае. Паданошваць боты.
2. Разм. Кончыць насіць (у 1 знач.) што‑н. Паданошваць дровы.
падапа́льваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., што.
Разм. Дапаліць усё, многае. Падапальваць ламачча. Падапальваць дровы ў печы.