Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

праектава́ць 1, ‑тую, ‑туеш, ‑туе; незак., што.

1. Распрацоўваць праект (у 1 знач.). [Пётр] у гэты час працаваў над дыпломным праектам — праектаваў дарогу з усімі неабходнымі пабудовамі. Шамякін.

2. і з інф. Мець намер, збірацца зрабіць што‑н. [Касперскі:] Чуў я, што праектуеце новы млын рабіць і электрастанцыю пры ім, дык добра было б, каб хоць даць святло ў цагельню. Гурскі.

праектава́ць 2, ‑тую, ‑туеш, ‑туе; незак., што.

1. У матэматыцы — адлюстроўваць на плоскасці прасторавыя фігуры, чарціць праекцыю (у 1 знач.).

2. Спец. Перадаваць на экран праекцыю (у 2 знач.), павялічанае адлюстраванне чарцяжоў, фотаздымкаў, кінакадраў.

праекта́нт, ‑а, М ‑нце, м.

Той, хто выконвае праект (у 1 знач.); праекціроўшчык.

праекта́нтка, ‑і, ДМ ‑тцы; Р мн. ‑так; ж.

Жан. да праектант.

прае́ктар, ‑а, м.

1. Апарат, які прымяняецца для атрымання павялічанага адбітка на экране.

2. Аптычная прылада для параўнальнага вымярэння праекцыйным метадам лінейных і вуглавых памераў інструментаў, дэталей машын і інш.

[Ад лац. projector.]

прае́ктны, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да праекта (у 1 знач.). // Які займаецца праектаваннем ​1 чаго‑н. Праектнае бюро. // Прадугледжаны праектам. Праектная магутнасць.

праекты́ўны, ‑ая, ‑ае.

Спец. Які мае адносіны да праекцыі (у 1 знач.). Праектыўная геаметрыя.

праекціро́вачны, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да праекціроўкі.

праекціро́ўка, ‑і, ДМ ‑роўцы, ж.

Дзеянне паводле дзеясл. праектаваць ​1 (у 1 знач.).

праекціро́ўшчык, ‑а, м.

Той, хто займаецца праектаваннем ​1, праекціроўкай. [Паходня] доўга і прыдзірліва раіўся з праекціроўшчыкамі, забракаваў не адзін праект, а потым, у час будаўніцтва, не было дня, каб не з’яўляўся тут, не назіраў, як растуць сцены, як крыецца дах, як кладзецца падлога, устаўляюцца вокны і дзверы. Хадкевіч.

праекціро́ўшчыца, ‑ы, ж.

Жан. да праекціроўшчык.