прадэманстрава́ць, ‑рую, ‑руеш, ‑руе; зак., што.
Наглядна, публічна паказаць. Прадэманстраваць кінафільм. □ Прадстаўнікі Беларусі прадэманстравалі цікавыя праграмы, прысвечаныя прапагандзе спорту і турызму. «Звязда». На стале ў Панцеляймона Кандратавіча ляжаў кавалак рэйкі, тол. Ён тут жа прадэманстраваў, як і дзе трэба закладваць тол, падрываць рэйкі, каб іх нельга ўжо было выкарыстаць. Дзенісевіч. // Знарок падкрэсліць, праявіць, паказаць. Адзін бюргер выпіў залпам двухлітровы збан. Прычым прадэманстраваў сваю лоўкасць, падняў збан адной рукою, што не так лёгка зрабіць. Гурскі. [Юнак] стараўся прыслужыць.. [дзяўчыне], прадэманстраваць сваю адданасць і вернасць. Шамякін.
прадэфілі́раваць, ‑рую, ‑руеш, ‑руе; зак.
Урачыста прайсці (на парадзе, дэманстрацыі і пад.). // Прайсці, прагуляцца. Ісці можна нацянькі, але.. [Франя] наўмысна дае крук, каб прадэфіліраваць перад чырвонаармейцамі і хлопцамі. Навуменка.
прад’яві́ць, ‑яўлю, ‑явіш, ‑явіць; зак., што.
1. Паказаць (які‑н. дакумент, білет) у пацверджанне чаго‑н. [Камандзір коннікаў] здзівіўся з’яўленню ў іх часці пяхотных камандзіраў і таму загадаў прад’явіць дакументы. Машара.
2. Заявіць аб якіх‑н. прэтэнзіях, патрабаваннях у адносінах да каго‑, чаго‑н. [Вярбіцкі:] — Вы.. не мелі права арыштоўваць нас, не прад’явіўшы абвінавачання. Чарнышэвіч.
прад’яўле́нне, ‑я, н.
Дзеянне паводле знач. дзеясл. прад’яўляць — прад’явіць.
прад’я́ўлены, ‑ая, ‑ае.
Дзеепрым. зал. пр. ад прад’явіць.
прад’яўля́цца, ‑яецца; незак.
Зал. да прад’яўляць.
прад’яўля́ць, ‑яю, ‑яеш, ‑яе.
Незак. да прад’явіць.
прад’яўні́к, ‑а, м.
Той, хто прад’яўляе што‑н. У мандаце, выдадзеным Мінскім губрэўкомам, было сказана, што прад’яўнік яго, Мешчаракоў Васіль Сцяпанавіч, прызначаецца старшынёй Навагрудскага павятовага рэўкома. Мехаў.
прад’яўні́чы, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да прад’яўніка. Прад’яўнічы чэк.