Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

прада́жніцтва, ‑а, н.

Прадажніцкія паводзіны, учынкі. Безумоўна, ад страху ці нянавісці людзі здольныя на самае чорнае прадажніцтва, але Рыбак, здаецца, не быў ворагам, таксама як не быў баязліўцам. Быкаў.

прада́жны, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае адносіны да продажу (у 1 знач.). Прадажная цана.

2. Прызначаны для продажу. — А браток, а галубок, прадай нам свайго звярка! — Не, — кажа падарожны, — звярок гэты не прадажны. Якімовіч.

3. Такі, які прадае сябе і свае пачуцці за грошы. У Парыжы.. [пан] захапляўся рэстаранамі і сувязямі з прадажнымі жанчынамі. Казека.

4. Такі, якога можна падкупіць, здольны за грошы да ганебных учынкаў. Не! Не кароткая ў людзей савецкіх памяць, Каб так вітаць прадажны зброд! Маеўскі.

прадаўгава́тасць, ‑і, ж.

Уласцівасць прадаўгаватага.

прадаўгава́ты, ‑ая, ‑ае.

Падоўжаны; большы ў даўжыню, чым у шырыню. У вузкім, прадаўгаватым пакоі паўзмрок, на стале, з краю, лямпа, вокны завешаны шчыльнай чорнай паперай. Навуменка. Свежыя, зялёныя, прадаўгаватыя — адзін у адзін — .. [агуркі] радавалі вока гаспадыні і госця. Пальчэўскі.

прадаўжа́льнік, ‑а, м.

Той, хто прадаўжае справу, ідэі свайго папярэдніка. Піліп Пестрак — цудоўны прадаўжальнік лепшых традыцый, якія склаліся ў беларускай літаратуры. Кучар.

прадаўжа́льніца, ‑ы, ж.

Жан. да прадаўжальнік.

прадаўжа́цца, ‑аецца; незак.

1. Незак. да прадоўжыцца.

2. Зал. да прадаўжаць.

прадаўжа́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.

Незак. да прадоўжыць.

прадаўжэ́нне, ‑я, н.

1. Дзеянне паводле знач. дзеясл. прадаўжаць — прадоўжыць і прадаўжацца — прадоўжыцца.

2. Тое, што наступае непасрэдна за чым‑н.; працяг.

прадаўшчы́ца, ‑ы, ж.

Жанчына-прадавец. Прадаўшчыца пачынала ўжо звяртаць увагу: чаго гэты чалавек тут стаіць і нічога не купляе? Сабаленка.