прагу́лачны, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да прагулкі, прызначаны для прагулкі. Каб вярней папасці на сходку, .. [Рыгор] завідна прагулачным шагам пайшоў на Задзвінне. Гартны. Неяк нядзельным надвячоркам мы плылі на вялікім прагулачным параходзе. Грахоўскі. Да галоўнай алеі прымыкаюць прагулачныя дарожкі, таксама абсаджаныя дрэвамі. Гавеман.
прагу́лка, ‑і, ДМ ‑лцы; Р мн. ‑лак; ж.
Гулянне пехатой на свежым паветры або паездка на невялікую адлегласць для адпачынку. Пасля снедання і да самага абеду Уладзімір Ільіч, не адрываючыся, працаваў над кнігай, а пасля з хлопчыкам пайшоў на прагулку. Гурскі. Прагулка на гэты раз пачалася пасля абеду. На невялікай яхце было поўна народу. Дуброўскі.
прагу́львацца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; незак.
1. Незак. да прагуляцца.
2. Зал. да прагульваць (гл. прагуляць у 2, 3 і 4 знач.).
прагу́льваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.
Незак. да прагуляць.
прагу́льны, ‑ая, ‑ае.
Разм. Прапушчаны па прычыне прагулу, праведзены без работы. Прагульныя дні.
прагу́льшчык, ‑а, м.
Той, хто не выходзіць на работу без уважлівай прычыны, хто робіць прагулы. — Бо гультай або, вазьмі, прагульшчык .. наровіць толькі на чужым пажывіцца, а сам карысці не дае. Кулакоўскі.
прагуля́нка, ‑і, ДМ ‑нцы; Р мн. ‑нак; ж.
Разм. Тое, што і прагулка. Учарашняя начная прагулянка і добры адпачынак на свежым паветры спрыялі вялізнаму апетыту. Мурашка.
прагуля́цца, ‑яюся, ‑яешся, ‑яецца; зак.
Гуляючы, пахадзіць; не спяшаючыся, прайсціся. — Можа, ты маеш ахвоту прагуляцца са мною па дарозе на Шабуні? — неўзабаве запытаў Лабановіч Турсевіча. Колас.
прагуля́ць, ‑яю, ‑яеш, ‑яе; зак.
1. Правесці некаторы час гуляючы. Прагуляць гадзіну на свежым паветры. // Пралодарнічаць, прагультаяваць. [Шэмет:] — Прагулялі лета, а цяпер дроў шукаеце? Лобан.
2. што і без дап. З-за гульні прапусціць што‑н., пазбавіцца чаго‑н. Прагуляць абед. □ — Ды і рагатку, відаць, прагуляў недзе, — глянуў .. [Сакоўскі] на Алешкавы рукі. Якімовіч.
3. што і без дап. Зрабіць прагул, не пайсці на работу.
4. што. Патраціць на гулянне, п’янства. Багаты ў мінулым, .. [Анупрэй] прагуляў большую палавіну свайго хутара. Пестрак.
5. Правесці некаторы час у п’янстве, гулянках.
6. Пацярпець паражэнне ў гульні. // каго-што. Прайграць каго‑, што‑н. Цівун ухмыльнуўся тоўстымі губамі: — Мусіць, заслужыў, калі пан прагуляў цябе... Добрага работніка не прагуляў бы! Якімовіч.