штукава́нне, ‑я, н.
Дзеянне паводле знач. дзеясл. штукаваць.
штукава́цца, ‑куюся, ‑куешся, ‑куецца; незак.
1. Разм. Вырабляць, паказваць штукі (у 4 знач.); практыкавацца. Галоўным чынам.. [Сымонка] штукаваўся ў мастацтве такога роду: кракаў, як варона, кукаваў зязюляй, спяваў жаўранкам і заліваўся салаўём на розныя лады. Бядуля.
2. Зал. да штукаваць.
штукава́ць, ‑кую, ‑куеш, ‑куе; незак., што.
1. Закрываць адтуліну, дзірку, забіваючы, закладаючы яе чым‑н. Штукаваць прабоіны. // Упакоўваць, шчыльна закрываць што‑н. Штукаваць пасылку.
2. Спец. Сшываць што‑н. з кавалкаў тканіны ці цыраваць такім чынам, каб шво ці цыроўка былі нябачнымі. Штукаваць шоўк.
3. перан.; і без дап. Выдумляць, майстраваць, вынаходзіць што‑н. А ў часіны больш-менш вольныя [дзядзька Марцін] займаўся майстэрствам, што мела беспасрэдныя адносіны да спраў гаспадарскіх: то калёсы ладзіў, то саху правіў, у хляве ці ў гумне парадак рабіў, або ў хаце ці ў сенцах усякія рыштункі штукаваў. Колас. Адыходзячы не ад народнай мовы, а вось ад такой робленай, пісьменнік збядняе сваю літаратурную мову, пачынае штукаваць, і тады мы ўжо не можам лёгка ўжывацца ў кнігу. Скрыган.
штука́р, ‑а, м.
1. Артыст, які паказвае фокусы. А Зай — наш малайчына, Артыст, штукар і хлус, З лясной кінакарціны Пакручвае ўжо вус. Вітка.
2. Той, хто вырабляе розныя складаныя мудрагелістыя рэчы; майстар, вынаходца. Да .. святла ракет далучыўся пажар эшалона.. — Ну, штукары, так сказаць, ну, малайцы! Няўжо ж гэта тое, што я майстраваў? — тупаў дзядзька Кандрат. Брыль. Выйшаў пан, залюбаваўся новым палацам. — Ну, — кажа да Янкі, — бачу, штукар ты не горшы за мяне. Якімовіч.
3. Той, хто схільны да выдумак, хітрыкаў, махлярства; выдумшчык, жартаўнік. У крайняй ад шляху [хаце] жыў стары Пракоп, па прозвішчу Смык, славуты на ўсю ваколіцу каваль. Выдумшчык і штукар, любімец васілішкаўскай моладзі. Краўчанка.
штука́рка, ‑і, ДМ ‑рцы; Р мн. ‑рак; ж.
Жан. да штукар.
штука́рскі, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да штукара, штукарства, уласцівы ім. У гмах далоні — і жар-птушкі Чародкай сядуць на плячы. Ківок — і з рота пырснуць стужкі — Штукарскія спавівачы. Макаль.
штука́рства, ‑а, н.
1. Паводзіны, учынкі штукара (у 3 знач.); дзіўныя, незвычайныя дзеянні, штукі (у 4 знач.). Вечарамі, калі камеры замыкаліся на ўсю ноч, зняволеныя прараблялі розныя цікавыя штукарствы, напрыклад, падыманне чалавека кончыкамі пальцаў, або падыманне самога сябе на нары. Колас. Калапскі вёў сваю пракурорскую справу больш сумленна, пазбягаў грубых падманаў, штукарства і ашуканства, трымаўся салідна і спакойна. Машара. [Віця] марыць вырасці мужным і смелым, а што ні зробіць — усё называюць штукарствам, дураслівасцю. Шыловіч.
2. Стварэнне танных знешніх эфектаў, разлічаных на тое, каб сваёй незвычайнасцю ўразіць каго‑н. Маладнякоўскія кіраўнікі не маглі дараваць Я. Коласу яго іранічнага стаўлення да .. паэтычнага штукарства. «Полымя». Талент чалавека заўсёды мае патрэбу ў адкрыцці, бо не адкрыты і не ўспешчаны людскою ўвагаю, ён можа астацца толькі штукарствам, з якога людзі будуць добразычліва сабе пасміхацца. Сабаленка.
штука́рыць, ‑ру, ‑рыш, ‑рыць; незак.
1. Уст. Рабіць, паказваць фокусы 2.
2. Займацца штукарствам, быць штукаром (у 2, 3 знач.).
3. З вялікім стараннем рабіць што‑н.; завіхацца каля чаго‑н. Дома жонка ля пліты штукарыць. Макаль. Бы[ццам] для забаўкі [Антон] штукарыў, а цяпер і самому люба зірнуць на .. [пеўнікаў над франтонам], бо надаюць будынку закончанасць. Пальчэўскі.
штуко́віна, ‑ы, ж.
Разм. Тое, што і штука (у 3 знач.); незвычайная, складаная рэч. [Дымок:] — Талент дойліда, на жаль, цяпер рэдкая штуковіна, хоць мы не скупімся на такія эпітэты. Карпаў. На сцяне віселі тэрмометр, барометр і яшчэ нейкія штуковіны, якіх не ведаў Кастусь. Гаўрылкін.
штуко́ўка, ‑і, ДМ ‑коўцы, ж.
1. Дзеянне паводле знач. дзеясл. штукаваць.
2. Р мн. ‑ковак. Заштукаванае месца.