Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

уро́к, ‑а, м.

1. Вучэбны час (звычайна 45 мін.), прысвечаны асобнаму прадмету. Урок літаратуры. Урок алгебры. □ Скончыўся ўрок, і настаўнікі адзін за другім заходзілі ў настаўніцкую. Даніленка. Пасля ўрокаў, чакаючы яго, .. [Кавалёва] паспявала прагледзець сшыткі вучняў. Прыходзіў Апанас, і яны ішлі гуляць. Дуброўскі. // звычайна мн. (уро́кі, ‑аў). Прыватныя навучальныя заняткі; работа рэпетытара. Браць урокі. Даваць урокі. □ Зыгмунт яшчэ з апошніх класаў гімназіі пачаў збіраць грошы, зарабляючы прыватнымі ўрокамі. Якімовіч.

2. Вучэбная работа, заданне, якое дае настаўнік вучню для падрыхтоўкі да наступных заняткаў. Вывучыць урокі. □ Вова якраз рыхтаваў ўрокі, бацька чытаў газету, а маці займалася чымсьці на кухні, калі прыйшлі Патапавы. Хомчанка. Неяк зімою, прыйшоўшы са школы, Данік адразу ўзяўся за ўрокі. Брыль.

3. Уст. Работа, якая павінна быць выканана да пэўнага тэрміну. Там шэсцьсот астатніх рэвізскіх душ жылі на зямлі, багацей за якую была толькі зямля Загорскага-Вежы, і спаўна адраблялі ўрокі. Караткевіч.

4. перан. Вопыт, веды, набытыя ў працэсе працы, у барацьбе, жыцці. [Стэфа:] — Не, дарагая Ніна, я не змірылася. Я толькі атрымала ўрок. Савіцкі. // Вынік, вывад, карысныя на будучае. Урокі вайны. Урокі гісторыі.

•••

Адкрыты ўрок — школьны ўрок, на які запрашаюцца другія настаўнікі для абмену вопытам работы.

Прадметны ўрок — урок, які суправаджаецца дэманстрацыяй прадметаў, аб якіх ідзе гутарка.

уро́кі, ‑аў; адз. урок, ‑у, м.

Разм. Паводле забабонных уяўленняў — няшчасце, хвароба, пашкоджанне, выкліканыя благім вокам ці дрэнным словам. [Удава Сымоніха] баіцца ўрокаў, хаця на яе ніхто надта не ўглядаецца. Бядуля.

уро́лаг, ‑а, м.

Урач, спецыяліст у галіне ўралогіі.

уро́н, ‑у, м.

Страта, шкода. У гады першай сусветнай вайны, а затым замежнай інтэрвенцыі і грамадзянскай вайны прамысловасці Беларусі быў нанесен значны ўрон. «Весці». [Аляксей:] — Для нашай гаспадаркі.. [пазыка суседзям] урону не зробіць, а людзям падтрымка вялікая. Пальчэўскі.

уро́скід, прысл.

Тое, што і уроскідку. На правадах, што без журботы, Вятроў чакаючы, звіняць, Бы на лінейках роўных ноты, Уроскід ластаўкі сядзяць. Ляпёшкін.

уро́скідку, прысл.

Разм.

1. Раскідаючы ногі. Ззаду за Андрэем калдыбаў уроскідку Юрка Даліна. Пташнікаў.

2. Паасобку, раскідана. Бярвенне ляжала ўроскідку. □ Неўзабаве паказаліся між дрэў уроскідку белыя камяніцы. С. Александровіч.

уро́слы, ‑ая, ‑ае.

Які ўрос. Урослыя ў снег дубы паніжэлі, адрузлі, сталі старыя і непрыязныя. Зарэцкі.

уро́ссып, прысл.

1. У розныя бакі. Бегчы ўроссып. □ Куры ашалела кінуліся ўроссып, далей ад небяспекі. Шыловіч.

2. Асобна, не разам. На доўгіх століках, уроссып, Як карапузы-хлапчукі, Нядаўна вымытыя ў росах, На сонцы спяць баравікі. Гілевіч. Стануць уроссып касцы на палосах, рушыць да бою працоўная раць. Машара.

уро́ссыпку, прысл.

Тое, што і уроссып.

уро́чны, ‑ая, ‑ае.

Устаноўлены паводле пэўнай умовы. Урочная работа.