Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

паабшыва́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., каго-што.

Абшыць усё, многае або ўсіх, многіх. Паабшываць насавыя хустачкі карункамі. Паабшываць сцены дошкамі. Паабшываць дзяцей.

пааб’яда́цца, ‑аецца; ‑аемся, ‑аецеся, ‑аюцца; зак.

Аб’есціся — пра ўсіх, многіх. З чарады адскочылі [каровы] на маладую канюшыну і пааб’ядаліся. Лобан.

пааб’яда́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., што.

Аб’есці з усіх бакоў што‑н. або ўсё, многае. Вусень пааб’ядаў лісце ў садзе.

пааб’язджа́ць, ‑ае; зак.

Разм.

1. каго-што. Аб’ехаць усё, многае або ўсіх, многіх.

2. Асесці, асунуцца — пра ўсё, многае. Так ад таго лета і зеўрае пасярод вёскі незасыпаная яма. Бакі яе пааб’язджалі, абсунуліся. Сачанка.

паабяца́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., што, каму-чаму, з інф., з дадан. сказам і без дап.

Даць якое‑н. абяцанне, абавязацца зрабіць што‑н. Аня крыху пастаяла з Касяй, паабяцала ёй свае канспекты. Карпюк. Семіпалаў паабяцаў у гэты ж дзень азнаёміцца з матэрыяламі следства і ўжо тады даць пэўную параду. Колас. З асаблівым нецярпеннем чакаў гэту вясну .. хлопчык.. Бацька яму паабяцаў: адразу як пацяплее, адвязе яго да дзеда ў вёску. Даніленка.

паагляда́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., каго-што.

Агледзець усё, многае або ўсіх, многіх. Гаспадары пазапрагалі коней, падабралі вяроўкі, пааглядалі вазы і пачалі паволі выязджаць на дарогу. Чорны.

паадбіва́цца, ‑аецца; ‑аемся, ‑аецеся, ‑аюцца; зак.

1. (1 і 2 ас. мн. не ўжыв.). Адбіцца, адкалоцца — пра ўсё, многае. Паадбіваліся ручкі на дзвярах.

2. Адстаць ад тых, з кім быў разам — пра ўсіх, многіх. Паадбіваліся авечкі ад статка.

паадбіва́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., што.

Адбіць усё, многае; адбіць у многіх месцах. Паадбіваць абшыўку. Паадбіваць пальцы малатком. □ — Відаць, узялі сваё [хлопцы] у скоках, абцасы паадбівалі. Б. Стральцоў. [Максіма] так катавалі ў дэфензіве, што, пэўна, усе вантробы паадбівалі. Машара.

паадбіра́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., каго-што.

Адабраць, сілай забраць усё, многае або ўсіх, многіх. [Нарушэвіч:] — Паляўнічых няма, стрэльбы ў людзей паліцэйскія паадбіралі. Машара. Паліцаі адцягнулі ад дзяцей жанчыну і ўслед за гэтым паадбіралі ва ўсіх рыдлёўкі. Кулакоўскі.

паадбудо́ўвацца, ‑аецца; ‑аемся, ‑аецеся, ‑аюцца; зак.

Адбудавацца — пра ўсіх, многіх. Сяляне паадбудоўваліся.