Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

праважа́ты, ‑ага, м.

Разм. Той, хто суправаджае каго‑н. з мэтай аховы яго або каб паказаць дарогу. Праважаты наш начаваць не застаўся, як ні ўгаворвалі яго партызаны, ведаючы, што можна ў такую завіруху збіцца з дарогі ў полі. Шамякін. // Той, хто праводзіць каго‑н. на поезд, самалёт і пад. Правадніца папярэдзіла праважатых, каб пакінулі вагон. Васілевіч.

праважда́цца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; зак.

Разм. Патраціць многа часу на што‑н. [Балагол:] — Каб не твой конь, дык мы ўсю ночку тут праваждаліся б... С. Александровіч. [Мікола] нейкі час праваждаўся з самаробная мінай — прыладжваў да толу ўзрывальнік. Новікаў.

праваздо́льнасць, ‑і, ж.

Спец. Здольнасць мець права і несці абавязкі.

праваздо́льны, ‑ая, ‑ае.

Спец. Які мае праваздольнасць.

правазі́ць, ‑важу, ‑возіш, ‑возіць; зак., каго-што.

Вазіць некаторы час.

правазна́вец, ‑знаўца, м.

Уст. Тое, што і прававед.

правазна́ўства, ‑а, н.

Уст. Сукупнасць навук аб праве; юрыспрудэнцыя.

правазны́, ‑ая, ‑ое.

Які мае адносіны да правозу. Правазная здольнасць чыгункі. // Які спаганяецца за правоз.

правакава́ны, ‑ая, ‑ае.

Дзеепрым. зал. пр. ад правакаваць.

правакава́цца, ‑куецца; незак.

Зал. да правакаваць.