Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

поўнаметра́жны, ‑ая, ‑ае.

З такой колькасцю метраў плёнкі, якая патрэбна для паказу аднаго сеанса звычайнай працягласці (пра фільм). Поўнаметражны кінафільм.

по́ўнасцю, прысл.

1. У поўным складзе, у поўным аб’ёме. Перад жывёлаводамі стаіць задача так правесці зімоўку жывёлы, каб поўнасцю захаваць наяўнае пагалоўе, ні ў якім разе не дапусціць зніжэння прадуктыўнасці жывёлы. «Звязда».

2. Ва ўсіх адносінах, зусім, цалкам. Вось яна [машына] і вялізная, і хітрая,.. а ўсё ж такі яна поўнасцю падначалена .. [Міхасю]. Брыль. Гэтыя думкі і гэтае адчуванне апошнімі звеннямі ўзварухнуліся ў Сцёпкавым сэрцы і заступілі поўнасцю месца другім думкам і другому пачуццю. Колас.

•••

Цалкам і поўнасцю гл. цалкам.

поўнаўла́ддзе, ‑я, н.

Поўная, неабмежаваная ўлада.

поўнаўла́днасць, ‑і, ж.

Тое, што і поўнаўладдзе.

поўнаўла́дны, ‑ая, ‑ае.

Які мае неабмежаваную, поўную ўладу. Толькі рэвалюцыя да канца вырашае аграрнае пытанне, робіць селяніна поўнаўладным гаспадаром над зямлёй. Кудраўцаў. Капытамі мераючы сажні, напралом падаўся у гушчар — дзікі, непакорны і паважны пушчы поўнаўладны гаспадар. А. Вольскі.

поўнаўла́дства, ‑а, н.

Тое, што і поўнаўладдзе.

по́ўнач 1, ‑ы, ж.

1. Адзін з чатырох напрамкаў свету, супрацьлеглы поўдню. Я паспрабаваў абмацваць дрэвы ў надзеі на тое, што па імху на ствалах вызначу поўдзень і поўнач. Анісаў. Увесь май з поўначы налятаў калючы вецер, сек буйным дажджом адубелую за зіму зямлю. Асіпенка. На поўначы святлела паласа суцэльнай зары. Брыль. // Мясцовасць, частка краіны, мацерыка, размешчаная ў гэтым напрамку. Поўнач СССР.

2. Мясцовасць, краіна з халодным кліматам. // (з вялікай літары). Палярная зона зямнога шара; Арктыка.

по́ўнач 2, ‑ы, ж.

Сярэдзіна ночы, 12 гадзін ночы. Было за поўнач, калі скончыўся сход. Дуброўскі.

по́ўнік, ‑а, м.

Разм. Поўны месяц, поўня. Месяц-поўнік як бы веславаў па сініх хвалях неба, і гэтак было хораша на зямлі і ў высях. Сабаленка. У акно глядзеў і заліваў пакой серабрыстым святлом поўнік. Васілевіч.

по́ўніцца, ‑ніцца; незак.

Напаўняцца. І радасцю поўняцца сэрцы тых, што тут на таку працуюць. Кавалёў. Лес поўніўся рознагалосым птушыным спевам. Сіняўскі.

по́ўніць, ‑ніць; незак., каго-што.

Папаўняць. Шум, смех, жарты поўнілі пакой. Колас. [Турка] поўнілі перажытыя і яшчэ не аблеглыя пачуцці. Быкаў. Цемру.. поўніў гул машын, чуліся прыцішаныя галасы артылерыстаў, фырканне коней. Мележ.