Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

пост 1, паста, м.

1. Месца, з якога можна пазіраць за кім‑, чым‑н. ці ахоўваць каго‑, што‑н. Баявы пост. □ Каля ўмоўленага месца .. [Вася] спыніўся са здзіўленнем: на пасту не было вартавога. Шчарбатаў.

2. Адна асоба або некалькі, пастаўленыя для аховы чаго‑н., назірання за чым‑н. На перакрыжаваннях вуліц скрозь будаваліся доты і дзоты або выстаўляліся ўзброеныя пасты. Якімовіч. Толькі на ўскраіне.. [людзей] спыніў паліцэйскі пост. Новікаў.

3. Адказная пасада. На высокім пасту [дэпутата] ён аказаўся, сціплым, чулым і прынцыповым чалавекам. Данілевіч.

•••

На пасту — пры выкананні службовых абавязкаў (знаходзіцца, загінуць і пад.).

пост 2, ‑у, М посце, м.

Устрыманне ад скаромнай ежы, згодна з царкоўным законам. // Перыяд такога ўстрымання. [Такароўцы] святкавалі ўсе святы, пасцілі ўсе пасты. Бядуля. Прасцей бывае ў пост: сушаныя грыбы, цыбуля, кіслая капуста — усё гэта расце, сушыцца і валіцца на месцы. Васілевіч. // перан. Разм. Устрыманне ад чаго‑н. наогул.

•••

Вялікі пост — сямітыднёвы пост перад вялікаднем.

по́стаць 1, ‑і, ж.

Стан, фігура. Праз хвіліну, не болей, Рыгорава постаць знікла ў натоўпе шумлівых гледачоў. Гартны. Нават у паліто было відно, як пагрубела.. [Лёдзіна] постаць. Карпаў.

по́стаць 2, ‑і, ж.

Палоска жыта або іншай збажыны, занятая адной жняёй у час жніва. Сярпом махаючы крывым, Мы, жонкі, ўдовы і дзяўчаты, Пры доўгай постаці стаім. Купала.

постпазіцы́йны, ‑ая, ‑ае.

Спец. Які знаходзіцца ў постпазіцыі. Постпазіцыйны займеннік.

постпазі́цыя, ‑і, ж.

Спец. Становішча слова або сказа пасля іншага слова або сказа, звязанага з ім.

[Ад лац. post — пасля і positio — становішча.]

постпаке́т, ‑а, М ‑кеце, м.

Спец. Цюк з пісьмамі, адрасаванымі ў адзін пункт.

[Ням. Postpaket.]

по́страх, ‑у, м.

Пагроза для папярэджання магчымых правіннасцей. У цёплай хаце сяброў размарыла, яны засынаюць на хаду. Не памагаюць ні ўгаворы, ні пострахі, ні штурханні. Карпюк.

по́стрыг, ‑у, м.

Царкоўны абрад прыняцця манаства, які суправаджаецца падстрыганнем валасоў.

по́ступ, ‑у, м.

1. Манера ступаць у хадзьбе; паходка. Паручнік, злезшы з свае каламажкі, паволі, важным поступам абышоў усе падводы. Нікановіч. [Салдат] ідзе за афіцэрам, старанна і пужліва прыстасоўваючы свой крок да няпэўнага поступу пана лейтэнанта. Лынькоў.

2. перан. Рух наперад, развіццё, прагрэс. Паспяховы, пераможны поступ Савецкай Арміі выклікаў вялікую радасць. Кавалёў. У цябе [Масква] нечуваная сіла, Поступ дужы, узлёты арла. Броўка. Пераможным поступам ішла па краіне культурная рэвалюцыя. А. Александровіч.

постэмбрыяна́льны, ‑ая, ‑ае.

Спец. Які мае адносіны да часу пасля вызвалення арганізма ад яйцавых і зародкавых абалонак; паслязародкавы. Достэмбрыянальны перыяд.

по́суд, ‑у, М ‑дзе, м., зб.

Гаспадарчае начынне для прыгатавання і падачы ежы, пітва. Дзед быў рамеснікам: ён рабіў медны посуд для навакольных жыхароў і браў папраўляць рэчы. Бядуля. Марыя збірала са сталоў пакінуты ўчора посуд і насіла на кухню. Пестрак.