Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

по́сле, прысл. і прыназ.

Тое, што і пасля.

по́слух, ‑а і ‑у, м.

1. ‑у. Пакорнасць, паслушэнства. Байцы ж нашыя — героі, Ты не знойдзеш гэткіх армій.., Што за послух у казарме! Купала.

2. ‑у. Абавязак, ускладзены на кожнага манаха або паслушніка ў манастыры.

3. ‑у. Чутка, пагалоска. Можа, таму і пусцілі па вёсцы нядобразычлівыя языкі послух, што, вядома ж, Дарафей — нейкі бязладны. Даніленка.

4. ‑а. Гіст. Сведка на судзе ў Старажытнай Русі.

по́снасць, ‑і, ж.

Уласцівасць поснага.

по́снік, ‑а, м.

Той, хто строга прытрымліваецца посту.

по́сніца, ‑ы, ж.

1. Жан. да поснік.

2. Разм. Нішчымніца. — Няма, дачушка, Падласкі, няма і малачка. Посніца цяпер будзе ў нас. Пальчэўскі.

по́сніцкі, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да посніцтва, да посніка.

по́сніцтва, ‑а, н.

Разм. Устрымліванне ад скаромнай ежы, пост.

по́снічаць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.

Пасціць, устрымлівацца ад скаромнай ежы. Завядзёнка тады яшчэ ў людзей такая была: увесь год можаш поснічаць, а на каляды ці на вялікдзень абавязкова разгавецца свежыною. Сабаленка.

по́сны, ‑ая, ‑ае.

1. Без мяса і малака, не скаромны. Вячэра мусіла быць посная, але ж трэба было згатаваць нямала-нямнога: дванаццаць страў! Мележ. — Сядай, сынок... Нічога лепшага ў мяне няма... Капуста посная. Чарнышэвіч.

2. Не тлусты. Посная свініна.

3. перан. Хмурны, сумны (пра выраз твару, усмешку і пад.). Малашкін сядзеў выпрастапы, з посным тварам чакаў голасу сакратара. Пестрак. Гаспадар пакоя неяк знячэўку ўстрапянуўся, ураз сагнаў ўсмешку з твару, які стаў ад таго сумны і посны. Быкаў.

4. перан. Прытворна сціплы, ханжаскі. Парэчкус злажыў рукі і падняў угару посны твар, як на маленні. Броўка.

•••

Посны дзень гл. дзень.

Посны цукар гл. цукар.

по́спех, ‑у, м.

1. Удача ў дасягненні чаго‑н. Нізка ў пояс схіляецца жыта, Сінім морам вітаюць ільны. Беларускі народ працавіты, Твае поспехі свету відны. Астрэйка. Сход уважліва слухаў расказ Паходні пра поспехі Савецкай Арміі, пра блізкую перамогу. Хадкевіч.

2. Агульнае прызнанне дасягнутай кім‑н. удачы. У той незабыўны вечар на долю Наташы выпаў асаблівы, незвычайны поспех. Краўчанка.

3. толькі мн. (по́спехі, ‑аў). Добрыя вынікі ў рабоце, вучобе і пад. Пад уздзеяннем ідэй Кастрычніка і поспехаў сацыялізма ў СССР, у выніку разгрому ў гады другой сусветнай вайны ўдарных сіл імперыялізму выраслі і ўмацаваліся сілы сацыялізма ва ўсім свеце, аслаблі пазіцыі сусветнага капіталізму. «Звязда».