Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

по́ршань, ‑шня, м.

Дэталь рухавіка, помпы, кампрэсара і пад., якая рухаецца ўнутры цыліндра і служыць для нагнятання або выпампоўвання вадкасці, газу, пары.

по́ршневы, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да поршня. Поршневыя кольцы. // Які працуе пры дапамозе поршня. Поршневыя машыны.

по́ршні, ‑яў; адз. поршань, ‑шня, м.

Абутак з кавалка ялавай або свіной сырамятнай скуры, сабранай на ступні абораю. Дзеці ішлі насустрач яму, а пастух ішоў так спакойна заграбаючы скуранымі поршнямі пыл, што аж зайздрасць брала. Караткевіч.

по́ры, пор і пораў; адз. пора, ‑ы, ж.

1. Вельмі дробныя адтуліны потавых залоз на паверхні скуры чалавека і жывёл. У поры на пальцах і з тыльнага боку далоняў уеліся машыннае масла і метал. Б. Стральцоў. // Мікраскапічныя непатоўшчаныя месцы ў абалонках раслінных клетак, праз якія адбываецца абмен рэчываў паміж клеткамі.

2. Прамежкі паміж часцінкамі рэчыва.

[Ад грэч. poros.]

по́рыстасць, ‑і, ж.

Уласцівасць порыстага. Порыстасць глебы.

по́рысты, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае поры (у 1 знач.). Імгненне — і зноў былі перада мною.. глыбокія, як бы выразаныя нажом, маршчыны ля пухлага порыстага носа. Савіцкі.

2. Які мае поры, пустоты. Камень, на якім Віця сядзеў, быў круглы, нібы палявы валун, і порысты, як вапняк. Шыцік.

по́сах, ‑а, м.

Доўгі кій, на які апіраюцца пры хадзьбе. // Жазло ў свяшчэннаслужыцеляў.

по́свіст, ‑у, М ‑свісце, м.

Асобая манера свісту; свіст. Ты чуеш посвіст? Гэта клічуць сябры нас. Машара. Рэдка калі пачуеш тут дапытлівы цокат вавёркі, вясёлы посвіст сініцы. Паслядовіч. // Пра свісцячыя гукі, якія суправаджаюць хуткі рух чаго‑н. У паветры не сціхаў посвіст куль, а неўзабаве пачулася яшчэ і выццё мін. М. Ткачоў.

по́седам, прысл.

У выразе: поседам сядзець гл. сядзець.

по́скудзь, ‑і, ж.

Разм. пагард. Пра каго‑н. агіднага, паскуднага або пра што‑н. агіднае, паскуднае. Даміра падышоў зусім блізка, адштурхнуў Канькова, працадзіўшы скрозь зубы: — Ты вось што, на маёй дарозе не стой. Думаў, чалавек ты, аж не,.. поскудзь. Асіпенка. Самагонная поскудзь борзда разлілася па .. [Саўкавых] жылах, стукнула ў галаву. Колас.