Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

по́пельны, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае адносіны да попелу. Стары прысеў каля топкі, зазірнуў у попельную скрынку, паківаў галавой. Васілёнак.

2. Сівы, колеру попелу. Ад лугавых узгоркаў, выпаленых сонцам да попельнага колеру, дыхала сумным настроем восені. Шамякін. Попельныя валасы, што выбіваліся з-пад белай касынкі, яшчэ больш пасівелі. Місько.

по́перак, прысл. і прыназ.

Разм. Тое, што і папярок. Гарачы .. быў [Андрэй] — слова поперак не скажы. Пташнікаў. Я ляжу поперак воза і.. бачу, як далёка над лесам лягла сіняя хмара. Ракітны.

по́плаў, ‑лаву; мн. паплавы, ‑оў; м.

Луг у пойме ракі. Нешырокая рэчка за вёскай выйшла з берагоў і заліла паплавы. Сіняўскі. [Сад] падступае амаль да рэчкі, за якой адразу пачынаецца поплаў, там самы пахучы, самы мяккі мурог. Марціновіч.

по́плеч, прысл.

У непасрэднай блізкасці з кім‑н., плячо з плячом, поруч, побач. Каля пярэдняга воза поплеч ішлі Сымон Мікуць і Міхал Стальмаховіч. Чорны. І вось так прыпала якраз, што Уладзіку давялося ляжаць у тым асінніку поплеч з дзядзькам Сцяпанам. Краўчанка. Падняў Бурмагін роту ў атаку, сам поплеч з хлопцамі бег. Мыслівец.

по́пліска, ‑і, ДМ ‑лісцы; Р мн. ‑сак; ж.

Разм. Кій, палка. Не трапіла пад рукі попліскі на дварэ, дык .. [дзядзька] ускочыў у хату і крычыць жонцы: — Давай сякеру! Лужанін.

по́прадкі, ‑дак; адз. няма.

Разм. Вячоркі, на якіх прадуць. На канікулы .. [сябры] разам ездзілі да бацькоў у Рудзенск і ў доўгія зімовыя вечары заглядалі часта на попрадкі да вясковых дзяўчат. Хведаровіч.

по́праўка, ‑і, ДМ ‑ўцы, ж.

Тое, што і папраўка (у 2 знач.). Толькі дзён праз тры лягчэй уздыхнулі і мы і дактары: Канстанцін Міхайлавіч стала пайшоў на попраўку. Лужанін.

по́пусту, прысл.

Разм. Дарэмна, марна. Васіль не пярэчыў. Чаго казаць попусту. Мележ.

по́пыт, ‑у, М ‑пыце, м.

Патрабаванне на тавар, рабочую сілу; патрэба, неабходнасць у кім‑, чым‑н. А заўтра якраз пятніца, вечарам заходзіць яўрэйскае свята — шабас. У такі час на рыбу надзвычайны попыт. Колас. На кваліфікаваных рабочых тут быў вялікі попыт. Шахавец.

•••

Плацежаздольны попыт — попыт, які вызначаецца колькасцю сродкаў у пакупніка.

по́раты, ‑ая, ‑ае.

Дзеепрым. зал. пр. ад пароць.