по́льны, ‑ая, ‑ае.
Тое, што і палявы (у 1, 2 знач.).
по́льскасць, ‑і, ж.
Уласцівасць, прыкмета польскага (у 1 знач.). [Пшэбора] Наўперад зняў канфедэратку, Як сведку польскасці ў краю. Колас.
по́льскі, ‑ая, ‑ае.
1. Які мае адносіны да палякаў, да Польшчы. У польскай мове Васіль Бусыга быў не дужа моцны. Колас.
2. у знач. наз. по́льскі, ‑ага, м. Уст. Тое, што і паланэз.
по́люс, ‑а, м.
1. Пункт перасячэння з зямной паверхняй уяўнай восі вярчэння Зямлі. Паўночны полюс. // Мясцовасць вакол гэтага пункта. Яшчэ тыдні за два да ад’езду Толева маці пачала збіраць і старанна ўпакоўваць чамаданы, быццам яны адпраўляліся на які Паўночны полюс. Даніленка.
2. Спец. Адзін з двух супрацьлеглых канцоў электрычнага ланцуга. Дадатны полюс. // Адзін з двух супрацьлеглых канцоў магніта або электрамагніта.
3. перан.; звычайна мн. (по́люсы, ‑саў). Што‑н. зусім супрацьлеглае чаму‑н. Міжволі прыгадаўся Іван Леўкін. Дзве славутасці — Леўкін і Задруцкі. Розныя людзі. Розныя душэўныя полюсы. Дадзіёмаў.
•••
Магнітны полюс — пункт зямнога шара, дзе магнітная стрэлка прымае вертыкальнае становішча.
по́люсны, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да полюса (у 1, 2 знач.).
по́марака, ‑і, ДМ ‑рацы, ж.
Тое, што і вар’яцтва, шаленства. // Страта здольнасці разумець тое, што акружае (ад стомленасці, хваробы і пад.).
по́мач, ‑ы, ж.
Дапамога, падмога. [Самоцька:] — Прападу, калі не будзе ніякай помачы. Чорны. Малы адвык ужо клікаць на помач бабулю ці маму і пачынае свой дзень самастойна. Брыль.
по́меж, прысл. і прыназ.
1. прысл. Поруч, побач. Ісці помеж.
2. прыназ. з Т у спалучэнні з прыназ. «з». Поруч, побач з кім‑, чым‑н. Стаць помеж з бацькам. □ Пракоп Асіна прайшоў да Вінцуся Шавеля і прысеў помеж з ім. Гартны.
по́месь, ‑і, ж.
Парода, патомства, атрыманыя ад скрыжавання жывёлы або раслін розных відаў, народ, гатункаў. Мул — помесь асла з кабылай. // Асобная жывёліна або расліна, атрыманая такім спосабам.
по́мнік, ‑а, м.
1. Архітэктурнае або скульптурнае збудаванне ў знак ушанавання памяці якой‑н. асобы або падзеі. Пасярод плошчы узвышаўся помнік У.І. Леніну. Хадкевіч.
2. Збудаванне на магіле з граніту, мармуру і пад. ў памяць памёршага. Тут жа, побач, над брацкай магілай стаіць помнік. Бялевіч. [Хлопцы] зрабілі невялікую труну і на магіле паставілі помнік. Навуменка.
3. Прадмет матэрыяльнай культуры мінулага. Недалёка ад плошчы ўбачыў драўляную царкву, цікавы помнік народнага ўмельства. В. Вольскі.
4. Твор старажытнай пісьменнасці. Літаратурныя помнікі гэтага часу [канца 17 і 18 стст.] нешматлікія. Івашын. Калі новая рэдакцыя — гэта этап у літаратурнай гісторыі тэксту пэўнага твора, то новы помнік — гэта пэўны этап у гісторыі цэлага жанру. Чамярыцкі.
5. перан. Тое, што напамінае аб чыіх-небудзь справах. [Алеся:] — Вырастуць дрэвы і будуць помнікам тым, хто загінуў у імя гэтай перамогі... Шамякін.