Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

по́езд, ‑а, М ‑дзе, м.

1. Счэпленыя паміж сабой чыгуначныя вагоны, якія цягне па рэйках паравоз. Прыгарадны поезд. Скоры поезд. Таварны поезд. □ Поезд хаваўся то пад кронай свежай яркай зелені, то імчаўся паміж вясёлых пералескаў. Васілевіч.

2. Шэраг павозак, накіраваных адна за адной у якім‑н. напрамку. Шум, гамана ўзняліся, калі вясельны поезд — пяць расквечаных троек .. — паказаўся за сялом на дарозе. Ракітны.

•••

Маршрутны поезд — таварны поезд, які ідзе да месца прызначэння без змены саставу і вагі грузу.

по́ены, ‑ая, ‑ае.

1. Дзеепрым. зал. пр. ад паіць.

2. у знач. прым. Выкармлены малаком.

по́жаг, ‑а, м.

Абл. Ражон. Дзед пачаў даставаць торбачку. Паволі развязаў, выняў кавалак сала, адрэзаў нажом-цыганком скібачку, нанізаў на пожаг і пачаў падсмажваць. Скрыган. Палаў вялізны камін. Круціліся ў ім на пожагу, шыпелі ў агні кроплямі тлушчу куры. Караткевіч.

по́жневы, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да пожні. Насустрач праляталі пожневыя палі. Пестрак.

по́жня, ‑і, ж.

1. Зжатае хлебнае поле; іржышча. [Міхась] выйшаў з-за густой сцяны жыта на пожню. Сабаленка. [Малання] хадзіла па пожні, пільна прыглядаючыся, ці не валяюцца дзе каласкі, ці добра звязаны снапы. Мележ.

2. Абл. Сенажаць. Агульнымі сіламі вяскоўцаў сабралі з поля снапы, з пожні сена. Нікановіч.

по́за, ‑ы, ж.

1. Становішча цела, пастава. Не разважаючы многа, дастаў Цімох з-за пояса гранату, заняў зручную позу, каб кінуць яе, улучыўшы адпаведную хвіліну. Колас. [Доктар] нават не перамяніў позы, а як ляжаў нічком, так і астаўся. Васілевіч.

2. перан. Прытворства, няшчырыя паводзіны. У .. [Гальвасавым] пісьме не было анізвання якой бы там ні было позы, ці фразы. Чорны.

•••

Стаць у позу гл. стаць.

[Фр. pose.]

по́зва, ‑ы, ж.

Пісьмовае паведамленне аб выкліку куды‑н., павестка. Лабановіч зірнуў на паперку: гэта была позва ад Віленскай судовай палаты з’явіцца на суд. Колас. У кішэні ляжала позва з’явіцца на зборны пункт ваенкамата з патрэбнымі рэчамі. Лужанін. Позва загадвала .. [дзядзьку Мікіту] ў панядзелак з’явіцца ў суд. Сіпакоў.

по́зех, ‑у, м.

Міжвольны глыбокі ўдых і выдых з шырока разяўленым ротам, а таксама гук, які ўзнікае пры гэтым; зявок. Я веру поўдню. Казкі не лапоча ён І позехам даўгім не крывіць рот, А моўчкі ўсмак працуе заклапочана Ды рукавом з ілба сцірае пот. Бураўкін.

по́зірк, ‑у, м.

Накіраванасць зроку на каго‑, што‑н.; погляд. Аксана паглядзела на Васіля. Той спакойна вытрымаў яе позірк. Кавалёў. Мірон Сцяпанавіч, адхіліўшы газету, сустрэў мяне дабрадушным позіркам паверх акуляраў. Ракітны.

•••

Абвесці позіркам гл. абвесці.

Скрыжаваць позіркі гл. скрыжаваць.

(Як) позіркам абняць гл. абняць.

по́зна,

1. прысл. Пад канец якога‑н. часу, калі прайшла большая частка яго. Госці разышліся позна ўночы, але Мікола не адразу лёг спаць. Краўчанка.

2. безас. у знач. вык. Пра позні час. Было ўжо і сапраўды позна, і Салаўёў не стаў затрымліваў сябра. Шахавец.

3. прысл. Пасля звычайнага, устаноўленага часу. Участак быў засеяны позна, у чэрвені, і цяпер авёс толькі пачаў выходзіць у трубку. Асіпенка. Міхалка ўстаў позна, ніхто яго не турбаваў. Чорны.

4. безас. у знач. вык. Аб прапушчаным зручным моманце. Толя з Міхасём убачылі .. [салдат] зусім блізка — метраў за трыста, на дарозе. Уцякаць было позна. Якімовіч.