дзе́тухна, ‑ы, ж.
Разм. Ласкавы зварот да дзіцяці. [Вулька] .. над самай галавой пачула знаёмы голас: — Дзетухна мая, што гэта нясеш ты такое? Лынькоў.
дзеўбану́цца, ‑нуся, ‑нешся, ‑нецца; ‑нёмся, ‑няцеся; зак.
Разм. Ударыцца, стукнуцца аб што‑н. Набраклая зямля ўгіналася пад шасі, і здавалася, што цяжкія «Ільі» вось-вось дзеўбануцца насамі ў гразь. Хомчанка.
дзеўбану́ць, ‑ну, ‑неш, ‑не; ‑нём, ‑няце; зак.
Аднакр. да дзяўбці, дзяўбаць (у 1–3 знач.).
дзе́ўка, ‑і, ДМ дзеўцы; Р мн. дзевак; ж.
Разм. Тое, што і дзяўчына. Агонь, а не дзеўка. Усё гарыць у яе руках. Пестрак. — Зірні ж хоць на дзеўку маю, — з гордасцю маці сказала Валя. Брыль.
•••
Заседзецца ў дзеўках гл. заседзецца.
Застацца ў дзеўках гл. застацца.
дзеўчаня́ і дзеўчанё, ‑няці; мн. ‑нят; н.
Маленькая дзяўчына. Дзеўчанё спала, палажыўшы русявую галоўку на матчыны калені. Мележ.
дзе́ці, дзяцей, дзецям, дзецьмі, (аб) дзецях.
1. Мн. да дзіця.
2. Маладое пакаленне, бліжэйшыя патомкі. Нашы дзеці будуць працягваць нашу справу. □ — Трэба, каб гэтую казку заўсёды памяталі нашы дзеці і ўнукі, каб яны мацней любілі і бераглі тое, што ёсць у іх, — нібы гаворачы сам з сабою, пачаў Рыгор Васільевіч. Грахоўскі.
дзе́цішча, ‑а, н.
Плод, тварэнне, вынік якой‑н. дзейнасці, чыіх‑н. клопатаў, намаганняў. Беларуская ССР — дзецішча Вялікай Кастрычніцкай сацыялістычнай рэвалюцыі. □ Ужо другі год працуе першая чарга азотнатукавага завода — дзецішча сямігодкі. «Беларусь». Гэта быў той самы пакой, адкуль .. [Рэндал] сачыў за нараджэннем свайго дзецішча — касмічнага карабля. Гамолка.
дзе́цца, дзенуся, дзенешся, дзенецца; заг. дзенься; зак. (ужываецца з прысл. «дзе», «нідзе», «куды», «нікуды», «некуды», часта з адмоўем).
Разм.
1. Знікнуць, прапасці. Учора, як разыходзіліся ад пакгаўза, не заўважыў Міколка сярод людзей, куды дзеўся яго стары таварыш. Лынькоў. Як загледзішся на такія малюнкі вясны, дык сон немаведама куды і дзенецца, усё роўна як у ваду кане. Кулакоўскі. // Схавацца ад каго‑, чаго‑н. — Нашто вас пільнаваць, і так нікуды не дзенецеся. Чорны. Ад праўды нікуды не дзенешся. Прыказка. // перан. Быць вымушаным зрабіць што‑н., не адмовіцца, не выкруціцца. — Мне здаецца, князь не захоча парадніцца з такім галадранцам, як Юрага, — выказаў меркаванне дзядзька Восіп. — Нідзе не дзенецца, — прамовіў Парфімовіч. С. Александровіч. — А калі ты папаўся — раскажы, што ведаеш. Усё адно нідзе дзенешся. Баранавых.
2. Знайсці сабе месца, прытулак і пад. — Не ведаючы, куды дзецца нанач у незнаёмым цяпер і разбітым горадзе, я рашыў пераначаваць на тэрыторыі завода: усё ж такі гэта сваё прадпрыемства. Гурскі.
•••
Не ведаць, куды (дзе) дзецца гл. ведаць.
дзець, дзену, дзенеш, дзене; зак., каго-што (ужываецца з прысл. «дзе», «недзе», «куды», «некуды»).
Разм.
1. Палажыць куды‑н. так, што цяжка знайсці. Куды ты дзеў маю кнігу?
2. Змясціць куды‑н., знайсці для каго‑, чаго‑н. месца, прытулак і пад. — Куды ж вы .. [трусоў] дзенеце? У вальер да ўсіх? Ракітны. [Люба] пачала звязваць лахманы, каб цяпер увечары, без людскіх вачэй, вынесці іх адгэтуль назаўсёды і дзе-небудзь дзець іх. Чорны. // Выкарыстаць, патраціць. Некуды дзець час. Некуды дзець грошы.
•••
Дзець некуды (няма куды) — надта многа.
Некуды (няма куды) вачэй дзець — пра пачуццё сораму.